Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік звярнуўся з пасланнем да хрысціян-коптаў
Святы Айцец
11.05.2016 14:51

Католікі і копты могуць разам сведчыць аб такіх важных каштоўнасцях, як годнасць кожнага чалавека, святасць сужэнства і сямейнага жыцця і павага да наваколькага асяроддзя, даверанага нам Богам, напісаў Папа Францішак у пасланні да Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадраса ІІ. Нагодай для звароту стаў Дзень копцка-каталіцкага сяброўства, які святкаваўся 10 мая.

Святы Айцец нагадаў пра крокі, зробленыя вызнаўцамі абедзвюх канфесій «на шляху прымірэння і сяброўства» пасля «стагоддзяў маўчання, непаразумення і нават варожасці». Папа Францішак з задавальненнем узгадаў пра апошнюю сустрэчу з Тавадрасам ІІ, якая адбылася ў 2013 годзе ў Рыме.

«У гэтым абноўленым духу сяброўства няхай Пан дапаможа нам бачыць, што сувязь, якая нас яднае, нарадзілася з аднаго паклікання і місіі, якую атрымалі ад Айца ў дзень нашага хросту», — падкрэсліў Папа.

Паводле слоў Пантыфіка, вернікі абедзвюх канфесій, чакаючы дня, калі разам змогуць сабрацца за адным эўхарыстычным сталом, ужо зараз могуць даваць сведчанне аб адзінстве, якое іх злучае.

«Перад абліччам мноства сучасных выклікаў копты і католікі пакліканы даваць супольныя адказы, угрунтаваныя на Евангеллі», з упэўненасцю, што тое, што «нас яднае — большае за тое, што раздзяляе», напісаў Папа.

Святы Айцец узгадаў пра хрысціянскія супольнасці ў Егіпце і на Блізкім Усходзе і пажадаў, каб міжнародная супольнасць магла адказаць з «мудрасцю і справядлівасцю» на «беспрэцэдэнтнае насілле», якое ахапіла гэты рэгіён.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.