Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэнецца з былымі вязнямі Аўшвіца-Біркенаў
Святы Айцец
13.05.2016 09:08

29 ліпеня падчас свайго візіту ў Польшчу Святы Айцец наведае былы нацысцкі канцлагер «Аўшвіц-Біркенаў» і сустрэнецца з тымі, хто выжыў у ім.

Пантыфік асабіста настаяў на такой важнай для яго сустрэчы, прызнаўся Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Ёзэф Клеменс, сакратар Папскай рады па справах свецкіх. Іерарх таксама паведаміў, што Папа хоча пакінуць там «Знак міласэрнасці».

Згодна з праграмай у Аўшвіцы Папа Францішак, між іншым, наведае камеру смерці забітага нацыстамі і абвешчанага святым айца Максімільяна Кольбэ, дзе правядзе некалькі хвілін у малітве. Візіт Папы ў былы нямецкі канцлагер адбудзецца з нагоды яго прыбыцця на Сусветныя дні моладзі ў Кракаве.

Папа Францішак будзе трэцім Пантыфікам, які прыедзе ў Аўшвіц-Біркенаў, дзе загінулі больш за мільён чалавек. Перад ім мемарыял наведалі Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Яны абодва маліліся ў камеры смяротнікаў, дзе загінуў мучаніцкай смерцю св. Максімільян Кольбэ.

Ян Павел II прыехаў у былы канцлагер падчас свайго першага апостальскага візіту ў Польшчу — 7 чэрвеня 1979 г. Больш за мільён вернікаў і 200 былых вязняў прынялі тады ўдзел у святой Імшы з Папам пры алтары, усталяваным на былой рампе лагеру смерці.

Бэнэдыкт XVI наведаў «Аўшвіц-Біркенаў» 28 мая 2006 г. Папа прайшоў праз брамы з надпісам «Arbeit macht frei» і сустрэўся з 32 былымі зняволенымі канцлагера. Акрамя таго, Пантыфік наведаў Цэнтр дыялогу і малітвы, створаны для садзейнічання дыялогу і прымірэнню паміж яўрэямі і хрысціянамі, а таксама паміж народамі, да якіх належалі злачынцы і ахвяры. Затым ля Міжнароднага Помніка Пакутніцтва Нацый Бэнэдыкт XVI узначаліў экуменічнае набажэнства.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё,
(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.