Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прапанаваў вывучыць інстытут жаночага дыяканату ў раннім Касцёле
Святы Айцец
13.05.2016 10:52

12 мая Пантыфік правёў дыскусію адносна ролі жанчыны ў Касцёле і адзначыў, што хоча стварыць камісію, якая вывучыць магчымасць аднаўлення жаночага дыяканскага служэння.

Дыскусія была часткай сесіі пытанняў і адказаў разам з амаль 900 настаяцельніцамі жаночых рэлігійных ордэнаў і супольнасцяў, якія ўваходзяць у Міжнароднае аб’яднанне генеральных настаяцельніц.

Сёлетняя сустрэча супадае з 50-годдзем Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, заснаванага ў 1965 г. Гэтая арганізацыя прадстаўляе каля 700 тыс. манахінь па ўсім свеце.


Падчас паўтарагадзіннай размовы пра місію і служэнне жанчын у рэлігійным жыцці Папа Рымскі адказаў на некалькі складаных пытанняў, у тым ліку пра гісторыю жаночага дыяканату.

Папа адзначыў, што разуменне ролі жанчын-дыяканіс у раннім Касцёле застаецца цьмяным, і пагадзіўся, што было б добра стварыць камісію для вывучэння гэтага пытання.

ЖАНЧЫНЫ-ДЫЯКАНІСЫ Ў РАННІМ КАСЦЁЛЕ

Да V ст н.э. у заходнім Касцёле было шмат дыяканаў, аднак у наступныя стагоддзі інстытут стаў толькі адным з этапаў шляху да прэзбітэрскага пасвячэння. Пасля Другога Ватыканскага Сабору Касцёл аднавіў інстытут пастаянных дыяканаў, якімі могуць стаць жанатыя ці нежанатыя мужчыны. Многія эксперты лічаць, што жанчыны таксама могуць быць дыяканамі, таму што ёсць сведчанні такога іх служэння ў першыя стагоддзі хрысціянства. Напрыклад, у Пасланні да Рымлянаў святы Павел згадвае жанчыну Фебу «сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах».

БОЛЬШ ЖАНЧЫН НА КІРУЮЧЫХ ПАСАДАХ

Пантыфік падкрэсліў, што хацеў бы павялічэння колькасці жанчын на пасадах, якія даюць магчымасць прымаць рашэнні. У тым ліку Папа Рымскі сказаў, што жаночы погляд вельмі важны як для распрацоўкі, так і для выканання рашэнняў, якія датычацца Касцёла.

На пытанне пра магчымасць прамаўляць казанні падчас святой Імшы Папа адзначыў, што важна разумець розніцу паміж рознымі тыпамі літургій, калі гамілію могуць казаць жанчыны, і святой Імшой, калі гамілія звязаная з асобай святара, які служыць «in persona Christi».

СЛУЖБА, А НЕ ПРЫСЛУГОЎВАННЕ

Папа Францішак на заканчэнне сказаў, што значэнне жаночых кангрэгацый жыццёва важнае для працы з беднымі і прыгнечанымі. Гэтае пакліканне да службы Касцёлу ніколі нельга блытаць з прыслугоўваннем, якога часам ад сясцёр просяць. Манахіні не павінны баяцца мянушкі «актывістак» у іх служэнні патрабуючым, адзначыў Пантыфік, аднак яны павінны таксама мець час для адпачынку і размоваў са старымі і хворымі сябрамі сваіх супольнасцяў, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай мудрасці і памяці.

Паводле англамоўнай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.