Папа: дзе хрысціяне ваююць паміж сабой — там няма сведчання |
Святы Айцец |
14.05.2016 10:27 |
Езус моліцца аб адзінстве хрысціян, але ў Касцёле ёсць сейбіты разладу, якія сваёй мовай дзеляць і нішчаць, сказаў Папа Францішак 12 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы, якімі Хрыстус маліўся напярэдадні сваёй мукі, «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21).
«Адзінства хрысціянскіх супольнасцяў, хрысціянскіх сем’яў — гэта сведчанне: сведчанне таго факту, што Айцец паслаў Езуса. Дасягненне адзінства — у хрысціянскай супольнасці, парафіі, епіскапаце, хрысціянскай структуры, хрысціянскай сям’і, — напэўна, адна з самых складаных спраў. Наша гісторыя, гісторыя Касцёла, часта прымушае нас саромецца, бо мы ваявалі супраць нашых братоў хрысціян (...). Дзе хрысціяне ваююць паміж сабой — там няма сведчання», — падкрэсліў Папа. Святы Айцец заклікаў прасіць прабачэння ў Пана за «гісторыю мноства падзелаў», якія адбываліся не толькі ў мінулым, але і працягваюцца сёння, з’яўляючыся прычынай абурэння свету. Папа прыгадаў анекдатычнае пытанне католіка з Захаду да католіка з Усходу: «Мой Езус уваскрэсне паслязаўтра. А твой калі ўваскрэсне?» «Нават у пытанні Пасхі мы не адзіныя», — з жалем заўважыў Папа Францішак. Пантыфік нагадаў, што праз зайздрасць д’ябла грэх увайшоў у свет, не абмінаючы хрысціянскіх супольнасцяў, дзе звычайнымі сталі эгаізм, зайздрасць, падзелы, што вядуць да ўзаемных абвінавачванняў і знішчэння добрага імя іншага чалавека. З вуснаў Святога Айца прагучаў заклік да малітвы аб ласцы Святога Духа для перамогі над падзеламі ў супольнасцях, парафіях і дыяцэзіях. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |