Святы Айцец раскрытыкаваў эканоміку выключэння |
Святы Айцец |
14.05.2016 16:25 |
Святы Айцец падзяліўся сваім досведам сустрэчы і дыялогу з мігрантамі падчас паездкі на грэчаскі востраў Лесбас, дзе стаў «сведкам жахлівых чалавечых пакут». Пантыфік падкрэсліў, што міжнародная супольнасць не павінна абмяжоўвацца толькі матэрыяльнай дапамогай ахвярам гэтай праблемы: ад яе чакаюць рашэнняў палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага характару і доўгатэрміновай перспектывы. Барацьба з беднасцю, на думку Папы Францішка, патрабуе міжнароднай салідарнасці і больш справядлівага стаўлення да патрэб і надзей як асобных людзей, так і цэлых народаў. «У святле гэтага адказнага задання ініцыятыва Фонду вельмі своечасовая», — адзначыў Святы Айцец. «Натхнёная спадчынай сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, сённяшняя канферэнцыя ўсебакова даследуе практычныя і этычныя патрэбы сучаснай сусветнай эканомікі і адначасова спрабуе выпрацаваць базу для эканамічнай культуры, якая б адзначалася большай павагай да чалавечай годнасці», — сказаў Папа. Святы Айцец перакананы, што эканоміка, накіраваная выключна на атрыманне прыбытку і паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту, не будзе мець станоўчага ўплыву на працэсы глабалізацыі і не зможа спрыяць інтэгральнаму развіццю людзей, справядліваму размеркаванню рэсурсаў, забеспячэнню годнай працы і росту індывідуальнай ініцыятывы чалавека. Эканоміка выключэння і несправядлівасці, па словах Папы, закранае і развітыя краіны, якія сёння сутыкнуліся з небывалым працэнтам беспрацоўных. Пантыфік выказаў спадзяванне, што гэтая сустрэча паспрыяе распрацоўцы «новых мадэляў эканамічнага развіцця, арыентаваных на ўсеагульнае дабро, сацыяльнае ўключэнне, усебаковае развіццё, павелічэнне колькасці працоўных месцаў і інвестыцыі ў чалавечы рэсурс». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |