Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: Быць сынамі Бога Айца — тое, для чаго мы былі створаны
Святы Айцец
15.05.2016 17:27

Быць сынамі Бога Айца – гэта тое, «для чаго мы былі створаны, гэта наша самая глыбокая ДНК», сказаў Папа Францішак у гаміліі падчас Імшы ў базыліцы св. Пятра 15 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.

Пантыфік адзначыў, што «галоўнай мэтай місіі Езуса, кульмінацыяй якой з'яўляецца дар Святога Духа, было паўторнае ўсталяванне адносін з Айцом, разбураных грахом; каб мы больш не былі сіротамі і нанoва сталі дзецьмі Бога». Па словах Папы, «бацькоўства Бога дзейнічае ў нас нанова праз адкупленчую працу Хрыста і праз дар Святога Духа».

«Уся праца збаўлення з'яўляецца працай адраджэння, у якой бацькоўства Бога праз дар Сына і Духа Святога вызваляе нас з сіроцтва, у якое мы ўпалі. Таксама ў наш час мы маем справу з рознымі знакамі гэтага сіроцтва: з унутранай адзінотай, якую мы адчуваем сярод натоўпу і якая можа нават стаць экзыстэнцыйным смуткам; з гэтай уяўнай аўтаноміяй ад Бога, але яе суправаджае туга па Яго блізкасці; з шырока распаўсюджанай духоўнай непісьменнасцю, якая становіцца прычынай таго, што мы не можам маліцца; з гэтай цяжкасцю адчування вечнага жыцця як сапраўднага і рэальнага, якое нараджаецца тут і квітнее пасля смерці; з гэтай цяжкасцю ў прызнанні іншага за брата, як сына аднаго таго ж самага Айца і іншымі падобнымі знакамі», - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што з вялікага дару любові, якім была смерць Езуса на крыжы, выплыла для ўсяго чалавецтва, як велізарны вадаспад ласкі, спасланне Святога Духа. Той, хто з верай пагружаецца ў гэтую таямніцу адраджэння, нараджаецца нанова да паўнаты сыноўскага жыцця, дадаў Святы Айцец.

Пантыфік даручыў заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, «усіх хрысціян, сем' і і супольнасці, якія ў цяперашні час больш патрабуюць сілы Духа Суцяшыцеля, Духа праўды, свабоды і міру». Папа падкрэсліў, што Дух «робіць так, што мы належым да Хрыста». Умацоўваючы нашы адносіны з Езусам, Дух Святы, па словах Папы, уводзіць нас у новую дынаміку братэрства. «Мы можам бачыць адзін аднаго як братоў, а нашы адрозненні толькі памножаць радасць і здзіўленне, што належым да адзінага бацькоўства і братэрства», - заключыў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.