Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На сродкі з Ватыкана ў Іярданіі быў створаны цэнтр для бежанцаў
Святы Айцец
16.05.2016 17:00

Сельскагаспадарчы цэнтр для іракскіх і сірыйскіх бежанцаў быў адкрыты ў Іярданіі за кошт ахвяраванняў, сабраных у павільёне Апостальскай Сталіцы падчас Міжнароднай выставы «Expо 2015», якая праходзіла ў Мілане.

Структура называецца «Сад міласэрнасці». На яе тэрыторыі расце каля 600 аліўкавых дрэваў. Мэта праекту — стварыць працоўныя месцы для бежанцаў, каб на заробленыя грошы яны маглі годна ўтрымліваць свае сем’і.

Урачыстая інаўгурацыя цэнтра прайшла ў прысутнасці лацінскага Патрыярха Ерузалема арцыбіскупа Фуада Тваля, Апостальскага Нунцыя ў Іярданіі арцыбіскупа Альбэрто Артэгі Марціна і спецыяльнага папскага пасланніка кс. Сегудна Тэхада Мунаса, падсакратара Папскай рады «Cor Unum», якая займаецца каардынацыяй праекту.

Прадстаўнік ватыканскага ведамства распавёў, што ў павільёне Апостальскай Сталіцы на выставе «Expо 2015» было сабрана каля 125 тысяч еўра на гуманітарныя праекты. Папа Францішак пажадаў, каб гэтыя сродкі былі прызначаны на патрэбы бежанцаў з Блізкага Усходу. У выніку ўзнікла ідэя стварэння працоўных месцаў для гэтых людзей.

«У гэтым заключаецца мэта праекту “Сад міласэрнасці”: даць працу гэтым людзям, таму што яны не могуць вечна жыць дзякуючы тым пакункам, якія ім раздаюцца. Калі ім будзе дадзена праца — таксама і гэта дасць ім годнасць», — падкрэсліў святар.

Ксёндз Сегудна Тэхада Мунас заўважыў, што Папская рада «Cor Unum» аказвае рознабаковую дапамогу ахвярам канфлікту на Блізкім Усходзе. Святар нагадаў, што ў верасні 2016 года ў Ватыкане пройдзе трэцяя сустрэча з мэтай каардынацыі дабрачынных ініцыятыў у рэгіёне. У ёй прымуць удзел Апостальскія Нунцыі, прадстаўнікі мясцовых Касцёлаў і некаторых ведамстваў Святога Пасаду.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.