Апублікавана пасланне Святога Айца на Сусветны дзень місій |
Святы Айцец |
16.05.2016 17:13 |
Дакумент Святога Айца быў апублікаваны 15 мая. У ім Папа Францішак падкрэсліў, што «абвяшчэнне Божай міласэрнасці — пульсуючага сэрца Евангелля — гэта місія Касцёла». Пантыфік падкрэсліў, што веліч і магутнасць Бога «праяўляюцца менавіта ў Яго здольнасці прыпадабняцца да малых, адчужаных, прыгнечаных». Бог — лагодны, уважлівы, верны і набліжаецца да патрабуючых», асабліва да бедных; са спагадай клапоціцца пра чалавечую рэчаіснасць, на падабенства бацькі і маці, якія клапоцяцца пра сваіх дзяцей, заўважыў Папа Францішак. Паводле слоў Папы, красамоўным знакам такой мацярынскай любові Бога з’яўляецца жаночая прысутнасць у місіянерскім свеце, якая пастаянна расце. Ёсць шмат свецкіх і кансэкраваных жанчын, а таксама сем’яў, якія спаўняюць сваё місійнае пакліканне праз абвяшчэнне Евангелля, або дабрачынную дзейнасць. Менавіта жанчыны і сем’і найлепш разумеюць праблемы людзей і маюць здольнасць вырашаць іх належным і часам нечаканым чынам, лічыць Папа Францішак. Святы Айцец падкрэсліў, што сем’і здольныя «будаваць гармонію, адносіны, мір, салідарнасць, дыялог, супрацоўніцтва і братэрства» ў міжасабовых адносінах, у грамадскім жыцці і дапамозе бедным, аказваючы клопат пра жыццё і надаючы большую ўвагу людзям, а не структурам. Папа Францішак перакананы, што, робячы з уласнага жыцця дар, можна стаць міласэрнымі, як Нябесны Айцец. Гэтай мэты, як піша Папа, можна дасягнуць, прымаючы і наследуючы вучэнне Езуса — уцелаўлёнага Слова, у якім «міласэрнасць знаходзіць свой самы высокі выраз». Напрыканцы свайго паслання Папа Францішак заўважыў, што Евангелле прабачэння і міласэрнасці нясе «радасць і згоду, справядлівасць і мір». Святы Айцец падкрэсліў, што ў многіх месцах «евангелізацыя бярэ пачатак з адукацыйнай дзейнасці», і нагадаў, што вера — гэта Божы дар, які расце, «дзякуючы веры і любові евангелізатараў, сведкаў Хрыста». |