Папа Францішак: святасць — гэта штодзённы шлях |
Святы Айцец |
25.05.2016 10:30 |
Па словах Пантыфіка, святасць з’яўляецца шляхам, які патрабуе чатырох неад’емных элементаў: адвагі, надзеі, ласкі і навяртання. У гаміліі Папа засяродзіў увагу на літургічным чытанні з Першага паслання св. Пятра (1П 1, 10-16), якое назваў «маленькім трактатам аб святасці». «Святасць — гэта шлях. Яна не купляецца і не прадаецца, і нават не дорыцца. Святасць — гэта шлях у прысутнасці Бога, якім павінен прайсці я: яго не можа прайсці іншы ад майго імя. Я магу маліцца аб святасці іншага чалавека, але шлях павінен прайсці ён, а не я. Бездакорна крочыць у прысутнасці Бога», — патлумачыў Пантыфік. Папа Францішак адзначыў, што шлях да святасці патрабуе адвагі, умацаванай надзеяй на сустрэчу з Езусам, а таксама ласкай. «Святасці мы не можам дасягнуць самі. Не! Гэта ласка. Быць добрым, святым, кожны дзень рабіць крок наперад у хрысціянскім жыцці — гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць», — дадаў Папа. Яшчэ адным важным элементам для дасягнення святасці Пантыфік назваў штодзённае навяртанне. «Навяртанне, кожны дзень. "Але, ойча, каб навярнуцца, я павінен каяцца, лінчаваць самога сябе", — скажа хтосьці. Не! Гаворка ідзе пра маленькія навяртанні. Калі здолееш не абгаварыць іншага — знаходзішся на добрым шляху, каб стаць святым. Гэта так проста!» — сказаў Пантыфік і заклікаў вернікаў не сыходзіць з гэтага шляху, заўсёды робячы маленькія крокі наперад. |