Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі розных універсітэтаў свету |
Святы Айцец |
30.05.2016 15:37 |
Па словах Пантыфіка, патрэбны не сцены, а менавіта масты. Папа падкрэсліў, што раздзяленне паміж народамі, сем’ямі, сябрамі нараджае варожасць і нянавісць, у той час як яднанне стварае грамадскае і братэрскае сяброўства, «культуру сустрэчы, якая бароніць нас ад рознага кшталту культуры адчужэння». Падчас форуму прагучалі кранальныя сведчанні і былі ўручаны прэміі за міратворчую дзейнасць. Яе лаўрэатамі сталі некаторыя галівудскія кінаакцёры: Рычард Гір, Джордж Клуні і Сальма Хаек, якія спецыяльна з гэтай нагоды прыбылі ў Ватыкан. Яны атрымалі ўзнагароды за сваю працу на карысць моладзі з гарадскіх перыферый. Папа падкрэсліў, што для моладзі важна «пачуццё прыналежнасці» да пэўнай групы, сям’і або арганізацыі. Святы Айцец заклікаў рабіць канрэтныя жэсты ў барацьбе супраць усіх праяў агрэсіі, пачынаючы са цкавання ў навучальных установах. Трэба выкараніць усе віды лютасці паміж людзьмі, а для гэтага неабходна здольнасць слухаць адзін аднаго, дадаў Папа. «У дыялогу ўсе перамагаюць і ніхто не страчвае. У спрэчцы ж адзін перамагае, а другі страчвае, але на самой справе страчваюць абодва. Дыялог — гэта здольнасць слухаць, ставіць сябе на месца іншага, будаваць масты», — лічыць Пантыфік. «Наш свет мае патрэбу ў паніжэнні ўзроўню агрэсіўнасці; мае патрэбу ў пяшчоце, лагоднасці; мае патрэбу слухаць, крочыць разам. Інакш здарыцца тое, што адбываецца сёння», — дадаў Папа. |