Папа Францішак папрасіў аднавіць парадак і сумленнасць у футболе |
Святы Айцец |
03.06.2016 14:13 |
Папа Рымскі звярнуўся да старшыні Міжнароднай федэрацыі футбола з просьбай аднавіць парадак і сумленнасць. Сустрэча Папы Францішка з прэзідэнтам ФІФА Джавані Вінчэнца Інфанціна адбылася ў Ватыкане ў мінулую нядзелю, але аб ёй стала вядома толькі зараз. Святы Айцец адзначыў, што футбол з’яўляецца зброяй у станоўчым сэнсе гэтага слова. Перш за ўсё, ён выконвае выхаваўчую ролю і спрыяе сацыяльнай інтэграцыі дзяцей. Як паведаміў брытанскі інтэрнэт-партал «Catholic Herald», Інфанціна запэўніў Пантыфіка, што жаданне справядлівых і ясных працэдур з’яўляецца таксама і яго асабістым намерам, як і выхаванне, і развіццё моладзі з’яўляюцца важнымі мэтамі футбола. У якасці падарунка Святы Айцец атрымаў ад кіраўніка ФІФА футбольную майку і медаль, які ўручылі сёлетнім пераможцам Лігі чэмпіёнаў, футбалістам Рэалу Мадрыд. З сярэдзіны 2015 г. ФІФА сутыкнулася з глыбокім крызісам. Гэта адбылося пасля таго, як швейцарская паліцыя ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам юстыцыі ЗША затрымала ў Цюрыху чыноўнікаў, абвінаціўшы іх у шматгадовай карупцыі. У адстаўку прыйшлося сысці Зэпу Блатэру, які на працягу многіх гадоў узначальваў ФІФА. Нагодай для 15-хвіліннай размовы Інфанціна з Папам стала спецыяльная аўдыенцыя для Фонду «Scholas Occurrentes», які ўяўляе сабой міжнародную сетку адукацыйных устаноў, што займаюцца выхаваннем дзяцей і моладзі з бедных сем’яў у 82 краінах свету. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё |