Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік заклікаў да рашучай барацьбы з сучасным рабствам
Святы Айцец
04.06.2016 14:36

3 чэрвеня Папа Францішак выступіў на саміце супраць сучаснага рабства, які праходзіць у Ватыкане.

У штаб-кватэры Папскай акадэміі навук сабраліся 150 прадстаўнікоў судовых органаў і палітыкаў з усяго свету, якія ўдзельнічаюць у сваіх краінах у барацьбе з гандлем людзьмі. На працягу трох дзён яны будуць дзяліцца сваім уласным вопытам і шукаць рашэнні ў глабальным маштабе.

Па словах Пантыфіка, глабалізаваны свет павінен змагацца з абыякавасцю: толькі ў гэтым выпадку ён будзе здольным выкараніць такія агідныя з’явы, як новыя формы рабства, гандаль людзьмі, арганізаваная злачыннасць, незаконны абарот наркотыкаў і органаў, прастытуцыя, дзіцячая праца і выкарыстанне дзяцей у якасці салдат ва ўзброеных канфліктах. Папа падкрэсліў, што ўсе ўзгаданыя злачынствы накіраваны супраць чалавечнасці.

Святы Айцец дадаў, што неабходна актывізаваць супрацоўніцтва рэлігійных лідараў, палітыкаў, грамадскіх і гуманітарных арганізацый для барацьбы супраць усіх форм рабства і гандлю людзьмі. Пантыфік адзначыў, што менавіта з гэтага трэба пачынаць будаваць лепшы свет. Папа лічыць, што Касцёл павінен удзельнічаць у палітыцы, асабліва вышэйшага парадку, бо яна, як казаў Павел VI, з’яўляецца вышэйшай формай любові.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.