Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак кананізаваў а. Станіслава Папчынскага і с. Марыю Хэсэльблад
Святы Айцец
05.06.2016 16:20

5 чэрвеня падчас урачыстай Імшы на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Папа Францішак кананізаваў заснавальніка Кангрэгацыі айцоў марыянаў бл. Станіслава Папчынскага (18 мая 1631 г. – 17 верасня 1701 г.) і шведскую законніцу Марыю Элізабэту Хэсэльблад (4 чэрвеня 1870 г. – 24 красавіка 1957 г.), якая аднавіла Ордэн брыгітак.

Таксама падчас Другой сусветнай вайны с. Марыя Элізабэта Хэсэльблад ратавала яўрэяў ад нацыстаў, за што ў 2004 г. ерузалемскі мемарыял Халакоста «Яд ва-Шэм» надаў ёй тытул «Справядлівага сярод народаў».

У літургіі ўдзельнічалі шматлікія вернікі, іерархі, прадстаўнікі грамадскага і палітычнага жыцця, у тым ліку Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і міністр культуры Швецыі Аліцэ Баг Кункэ. У кананізацыі прыняла ўдзел таксама экуменічная дэлегацыя са Швецыі.

У гаміліі Папа Францішак адзначыў, што Божае слова вядзе да цэнтральнай падзеі веры: перамогі Бога над пакутай і смерцю. Гэта, дадаў Пантыфік, і ёсць Евангелле надзеі, якая бярэ пачатак з пасхальнай таямніцы. Святы Айцец падкрэсліў, што ў муках Хрыста змяшчаецца адказ Бога на таямніцу цярпення чалавека.

«Гэта быў таксама вопыт Станіслава ад Езуса і Марыі Элізабэты Хэсэльблад, сёння абвешчаных святымі: яны заставаліся цесна аб'яднанымі з мукай Езуса і ў іх праявілася сіла Яго ўваскрасення», — сказаў Пантыфік.

Каментуючы ўваскрашэнне прарокам Іллёю сына ўдавы з Шарэпты, Папа заўважыў, што гэта сам Бог бярэ памерлага і вяртае яго маці ажыўшым. Падобным чынам Езус уваскрашае сына ўдавы з Наім, быццам бы просячы яе даць малога Яму, а затым «аддае яго маці ягонай». «Езус просіць аддаць Яму нашу смерць, каб нас вызваліць ад яе і даць нам новае жыццё», — сказаў Папа.

Таксама, дадаў Пантыфік, род уваскрасення мы бачым у выпадку Паўла, які з пераследавацеля ператварыўся ў сведку і абвяшчальніка Евангелля. «Павел кажа, што Бог Айцец пажадаў паказаць Сына не толькі яму, але ў ім, гэта значыць як бы ўдыхнуць у яго асобу, у цела і ў душу, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Такім чынам, апостал становіцца не толькі прапаведнікам, але, перш за ўсё, сведкам», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што нешта падобнае адбываецца і з намі, таму што Езус робіць так, каб яснела перамога ласкі, якая дае жыццё, бярэ на сябе чалавечыя грахі і вяртае нас жывых самому Касцёлу. Гэта адбываецца, па словах Папы, падчас Святога Года Міласэрнасці.

«Касцёл паказвае нам сёння двух сваіх дзяцей, якія з'яўляюцца прыкладнымі сведкамі таямніцы ўваскрасення. Абодва, па словах псальміста, могуць спяваць вечна: “Ты нараканне маё замяніў на танец. Пане, Божа мой! Буду хваліць Цябе вечна” (Пс 30, 12). І ўсе мы ўключаемся, кажучы разам: “Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў”», — гэтымі словамі завяршыў сваю гамілію Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.