Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Малітва — «батарэйка» хрысціяніна
Святы Айцец
07.06.2016 16:13

«Малітва — гэта "батарэйка", якая дазваляе ззяць хрысціяніну», — сказаў Папа Францішак 7 чэрвеня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік заклікаў вернікаў быць соллю, якая не страціла свой смак, а таксама пазбягаць «люстэркавай духоўнасці» — клопату пра ўласнае ззянне, а не пра нясення святла іншым.

Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Хрыстус заклікаў вучняў быць «соллю» і «святлом» (Мц 5, 13-16), Пантыфік заўважыў, што ніводная з гэтых дзвюх рэчаў не павінна існаваць сама для сябе: святло прызначана асвятляць іншых людзей, а соль — надаваць смак іх жыццю.

«Каб годна выконваць гэтыя заданні, хрысціяне патрабуюць пастаяннай малітвы. Менавіта яна з’яўляецца "батарэйкай", якая дазваляе выпраменьваць святло», — лічыць Папа.

«Ты можаш рабіць шмат рэчаў, шмат спраў, учынкаў міласэрнасці, можаш зрабіць мноства вялікіх рэчаў у Касцёле — каталіцкі ўніверсітэт, калегію, шпіталь. Табе могуць нават паставіць помнік, як дабрадзею Касцёла, але калі не молішся, усё гэта будзе крыху змрочным і цёмным», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў бараніцца ад спакусы свяціць для саміх сябе і нагадаў словы Езуса Хрыста: «Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.