Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі Рэфармацкіх Цэркваў
Святы Айцец
09.06.2016 14:26

Дэлегацыя Сусветнай Супольнасці Рэфармацкіх Цэркваў (WCRC) наведае Ватыкан, каб паглыбіць адносіны з Каталіцкім Касцёлам. Яе прыме на аўдыенцыі 10 чэрвеня Папа Францішак.

Таксама адбудуцца сустрэчы ў Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству і Папскай радзе «Iustitia et Pax», якія з боку Святога Пасаду вядуць дыялог з Супольнасцю.

Тэма чарговага этапу гэтага дыялогу — «Апраўданне і сакрамэнтальнасць: хрысціянская супольнасць у якасці пасярэдніка справядлівасці».

Генеральны сакратар Супольнасці Крыс Фергюсан выказаў радасць ад будучай сустрэчы з Пантыфікам і падкрэсліў яе актуальнасць.

«Наша радасць паходзіць ад разумення, што праз пакаянне і дыялог мы прыходзім да таго адзінства, якое з’яўляецца дарам Хрыста для Касцёла, каб усе паверылі», — адзначыў Крыс Фергюсан, дадаўшы, што актуальнасць узнікае з неабходнасці ісці разам праз небяспекі і пакуты, з якімі сутыкаецца свет і чалавецтва.

Сусветная Супольнасць Рэфармацкіх Цэркваў з’яўляецца найбуйнейшай асацыяцыяй Рэфарматарскіх Цэркваў у свеце і пятай па колькасці хрысціянскай супольнасцю ў свеце. У яе ўваходзяць 229 дэнамінацый у 108 краінах, да якіх належыць 80 млн. вернікаў. Супольнасць паўстала ў чэрвені 2010 г. у выніку аб’яднання Сусветнага Альянсу Рэфармацкіх Цэркваў і Рэфармацкай Экуменічнай Рады.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.