Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўзняў успамін св. Марыі Магдалены да ўзроўню свята
Святы Айцец
10.06.2016 14:43

Папа Францішак узняў абавязковы літургічны ўспамін св. Марыі Магдалены, які адзначаецца паводле Агульнага рымскага календара 22 ліпеня, да ўзроўню свята.

10 чэрвеня быў апублікаваны адпаведны дэкрэт Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, падпісаны Пантыфікам 3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Дадзенае рашэнне ўпісваецца ў актуальны касцёльны кантэкст, які патрабуе больш глыбокага разважання над годнасцю жанчыны, новай евангелізацыяй і веліччу таямніцы Божай міласэрнасці, заўважыў у адмысловым лісце сакратар Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў арцыбіскуп Артур Рош. Іерарх падкрэсліў, што яшчэ Ян Павел ІІ адзначаў не толькі важнасць жанчын у місіі Хрыста і Касцёла, але і асаблівую ролю Марыі Магдалены — першай сведкі ўваскрослага Хрыста і першай пасланніцы, якая абвясціла вучням аб уваскрасенні Пана.

Святы Айцец Францішак прыняў сваё рашэнне менавіта ў кантэксце Юбілею Міласэрнасці, каб падкрэсліць важнасць гэтай жанчыны, якая мела вялікую любоў да Хрыста і з Яго боку была адорана любоўю.

Заходняя касцёльная традыцыя, асабліва пасля Грыгорыя Вялікага, атаясамлівае Марыю Магдалену з жанчынай, якая намашчала ногі Езуса мірам у доме фарысея Сымона і была сястрой Лазара і Марыі. Марыя Магдалена ўваходзіла ў групу вучняў Хрыста, была з Ім аж да смерці на крыжы, а ў садзе, дзе знаходзілася магіла, стала першай «сведкай Божай міласэрнасці». Евангелле паводле Яна апавядае, што яна плакала, бо не знаходзіла цела Пана, а Езус змілаваўся над ёй, даўшы пазнаць сябе як Настаўніка, перамяняючы яе слёзы ў пасхальную радасць.

Словы Хрыста, скіраваныя да яе ў «садзе ўваскрасення»: «Не затрымлівай Мяне» (Ян 20, 17), маюць агульнакасцёльнае значэнне і з’яўляюцца запрашэннем увасці ў досвед веры, які пераўзыходзіць усе чалавечыя разуменні Божых таямніцаў, напісаў арцыбіскуп Артур Рош.

Як гаворыцца ў лісце сакратара Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Марыя Магдалена стала першай, хто даў сведчанне перад вучнямі Хрыста, стаўшы «апосталам апосталаў», таму слушна, каб літургічная цэлебрацыя ў гонар гэтай жанчыны мела ў Агульным рымскім календары такі ж узровень, як і цэлебрацыя ў гонар апосталаў, для падкрэслення асаблівасці місіі Марыі Магдалены, якая з’яўляецца прыкладам для кожнай жанчыны ў Касцёле.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.