Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апублікавана афіцыйная праграма візіту Папы Францішка ў Польшчу
Святы Айцец
10.06.2016 15:02

9 чэрвеня была апублікавана афіцыйная праграма Апостальскага падарожжа Папы ў Польшчу, цэнтральнай падзеяй якога стануць Сусветныя дні моладзі. У межах візіту Пантыфік выступіць з 11 прамовамі і здзейсніць некалькі пералётаў.

Пантыфік прыбудзе ў аэрапорт Кракава 27 ліпеня. На тэрыторыі Вавельскага замка — старажытнай рэзідэнцый польскіх каралёў — пройдзе сустрэча Святога Айца з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Затым Папа здзейсніць візіт ветлівасці да Прэзідэнта Польскай Рэспублікі і сустрэнецца з мясцовым епіскапатам у кракаўскай катэдры.

28 ліпеня Пантыфік вылеціць на верталёце ў Чэнстахову, дзе ў санктуарыі Маці Божай узначаліць Эўхарыстыю. Пасля вяртання ў Кракаў адбудзецца першая прывітальная сустрэча Папы з моладдзю. Яна пройдзе на Кракаўскіх лугах.

На 29 ліпеня запланаваны візіт Святога Айца ў былы канцэнтрацыйны лагер «Аушвіц-Біркенаў», куды Папа накіруецца на верталёце. Пасля вяртання пройдзе сустрэча з пацыентамі і супрацоўнікамі ўніверсітэцкай педыятрычнай клінікі Кракава. Вечарам Пантыфік прыме ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху на Кракаўскіх лугах у рамках Сусветных дзён моладзі.

30 ліпеня Папа правядзе ў Кракаве. Спачатку Пантыфік накіруецца ў санктуарый Божай Міласэрнасці, дзе паспавядае юнакоў і дзяўчат, а затым у санктуарыі св. Яна Паўла ІІ, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з удзелам польскіх святароў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў. Пасля Святы Айцец паабедае з моладдзю ў сядзібе арцыбіскупа Кракаўскага.

Вечарам Пантыфік прыбудзе на Поле міласэрнасці — месца правядзення кульмінацыйных падзей Сусветных дзён моладзі. Тут Папа пройдзе праз Святыя дзверы і прыме ўдзел у вігілійным малітоўным чуванні.

У апошні дзень свайго знаходжання ў Польшчы, 31 ліпеня, Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю на заканчэнне Сусветных дзён моладзі і сустрэнецца з валанцёрамі і дабрачынцамі, якія дапамаглі ў арганізацыі форуму. Пасля гэтага Папа накіруецца ў аэрапорт, адкуль вылеціць у Рым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.