Пантыфік сустрэўся з маці прысуджанага да смяротнага пакарання |
Святы Айцец
|
11.06.2016 16:20 |
11 чэрвеня Папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з Лідзіяй Герэра з Аргенціны, маці Віктара Салданья, прысуджанага да смяротнага пакарання ў ЗША.
Віктар Салданья з Кардовы 20 гадоў утрымліваецца ў камеры смяротнікаў у Тэхасе пасля таго, як быў прызнаны вінаватым у забойстве. Увесь гэты час маці просіць замяніць смяротны прысуд для сына на пажыццёвае зняволенне.
Пантыфік ведае аб справе Салданья, паколькі жанчына ўжо коратка сустракалася з ім у 2014 г. падчас агульнай аўдыенцыі і ў 2015 г. падчас візіту Папы ў ЗША. Па яе словах, Святы Айцец абяцаў шмат маліцца за маладога чалавека.
Папа Францішак з’яўляецца вострым крытыкам смяротнага пакарання. У лютым 2016 г., калі ў Рыме праходзіла міжнародная канферэнцыя па гэтай тэматыцы, Пантыфік нагадаў, што жыццё, якім надзелены таксама і злачынца, з’яўляецца неад’емным дарам Бога. Святы Айцец звярнуўся тады да сумлення палітычных кіраўнікоў і заклікаў іх да міжнароднага паразумення ў справе адмены смяротнага пакарання. Запаведзь «не забівай» мае «абсалютную каштоўнасць» і тычыцца кожнага, падкрэсліў Папа.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|