Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Свет жыве ілюзіяй, закрываючы вочы перад абліччам хваробы і інваліднасці
Святы Айцец
12.06.2016 18:19

12 чэрвеня на плошчы св. Пятра Папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю, на якой прысутнічалі 50 тысяч удзельнікаў «Юбілею людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых», які праходзіў у мінулыя дні ў Рыме і Ватыкане ў кантэксце Года Міласэрнасці.

На Імшы Папа заўважыў, што «тое, як мы змагаемся з пакутамі і абмежаваннямі, з’яўляецца крытэрыем нашай свабоды, каб надаць сэнс выпрабаванням жыцця, нават калі яны здаюцца нам абсурднымі і незаслужанымі».

Пантыфік адзначыў, што кожны рана ці позна пакліканы супрацьстаяць, а часам і весці барацьбу з чалавечай тленнасцю і хваробамі, а таксама крохкасцю і захворваннямі іншых. А гэта, у сваю чаргу, ставіць «больш востра і актуальна пытанне пра сэнс існавання».

Па словах Святога Айца, «чалавечая прырода, параненая грахом, нясе ў сабе рэальнасць абмежавання». Сёння часта лічыцца, дадаў Папа, што чалавек хворы або з абмежаванымі магчымасцямі не можа быць шчаслівым, таму што не ў стане рэалізаваць стыль жыцця, навязаны культурай задавальнення і забавы. Наступіў той час, калі клопат пра цела стаў масавым міфам і эканамічным інтарэсам, калі недасканалае павінна быць схавана, адзначыў Папа. Лепш трымаць хворых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў ізаляцыі, за плотам, – так лічыць сённяшні свет, з болем заўважыў Пантыфік. А ў некаторых выпадках, па словах Папы, лічыцца, што лепш пазбавіцца ад іх, як толькі яны становяцца невыносным фінансавым цяжарам у перыяд крызісу.

На самой справе, адзначыў Святы Айцец, сённяшні чалавек жыве ілюзіяй, калі закрывае вочы перад абліччам хваробы і інваліднасці, не разумее сапраўднага сэнсу жыцця, які ўтрымлівае таксама прыняцце пакут і абмежаванняў. Свет становіцца лепшым не дзякуючы існаванню людзей уяўна «ідэальных», а дзякуючы салідарнасці паміж людзьмі, узаемнаму прызнанню і павазе, падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў, што існуе не толькі фізічны боль — «на сённяшні дзень адной з найбольш распаўсюджаных паталогіі з’яўляецца боль, які закранае дух». Гэта, па словах Папы, адбываецца таму, што сёння не хапае любові. Калі мы адчуваем расчараванне або здраду ў важных адносінах, з’яўляецца вельмі моцная спакуса закрыцца ў сабе; і гэта становіцца рызыкай страты жыццёвага шансу – любіць, нягледзячы ні на што, адзначыў Святы Айцец. Шчасце можа быць дасягнута толькі тады, калі мы здольныя любіць, дадаў Папа. «Колькі людзей з абмежаванымі магчымасцямі па-новаму адкрывае жыццё, калі адчуваюць, што іх любяць!» — сказаў Пантыфік. І тут, па словах Папы, самы яскравы прыклад даў Езус, які палюбіў нас да канца; на крыжы Ён паказаў любоў, якая дае сябе без межаў.

Па словах Папы Францішка, тое, як мы перажываем хваробу або інваліднасць, з’яўляецца паказчыкам любові, якую мы гатовы прынесці ў ахвяру, а тое, наколькі мы ўмеем перажываць пакуты і абмежаванні, з’яўляецца крытэрыем нашай свабоды.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.