Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам
Святы Айцец
17.06.2016 11:42

16 чэрвеня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO). У сёлетнім форуме прынялі ўдзел папскія прадстаўнікі з Ерузалема, Лівана, Сірыі, Ірака, Іярданіі і Украіны.

«Я ўдзячны ўсім за намаганні, якія прыкладаеце, каб спаўняць давераную вам місію, і за ўвагу да патрэбаў нашых усходніх братоў», — сказаў Папа.

Пантыфік прывітаў новага кусташа Святой Зямлі айца Франчэско Патана і выказаў падзяку францішканам за тое, што на працягу стагоддзяў забяспечваюць захаванасць святых месцаў і санктуарыяў у гэтым рэгіёне.

«Жадаю, каб пры шчодрай дапамозе многіх былі завершаны рэстаўрацыйныя працы ў базыліцы Нараджэння Пана і кувукліі базылікі Гробу Пана», — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што падчас рэстаўрацыі ў бэтлеемскай святыні была адкрыта невядомая раней мазаічная выява анёла, якая разам з іншымі шасцю выявамі ўтварае пэўнага роду працэсію да месца, якое нагадвае пра таямніцу нараджэння ўцелаўлёнага Слова.

«Гэты факт дазваляе падумаць, што таксама і аблічча нашых касцёльных супольнасцяў можа быць схавана за “налётамі”, якія ўтварыліся ў выніку розных праблем і грахоў. Таму ваша дзейнасць павінна заўсёды кіравацца ўпэўненасцю, што за гэтымі матэрыяльнымі і маральнымі налётамі, а таксама за слязьмі і крывёю, выкліканымі вайной, гвалтам і пераследам, за гэтым слоем, які здаецца непранікальным, знаходзіцца ззяючае аблічча, як гэтага анёла з мазаікі», — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў удзельнікаў асамблеі супрацоўнічаць, каб аблічча Касцёла ўсё больш адлюстроўвала святло Хрыста, уцелаўлёнага Слова. «Ён — наш спакой і стукаецца ў дзверы нашага сэрца на Блізкім Усходзе, а таксама ў Індыі і ва Украіне», — сказаў Пантыфік.

Вяртаючыся да тэмы сёлетняга пасяджэння Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам, Папа Францішак пажадаў, каб жыццё Сіра-Малабарскай і Сіра-Маланкарскай Цэркваў на тэрыторыі Індыі характарызавалася павагай да чалавечых правоў, адсутнасцю духу падзелаў, спрыяннем еднасці і сведчаннем аб адзіным Збаўцы, Езусе Хрысце.

«Такая еднасць у кожнай частцы свету, дзе католікі лацінскага і ўсходняга абрадаў жывуць побач, мае патрэбу ў духоўных багаццях Захаду і Усходу, з якіх могуць чэрпаць маладыя пакаленні святароў, манахаў і манахінь, душпастырскіх работнікаў», — лічыць Папа.

Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў удзельнікаў ватыканскай сустрэчы маліцца ў інтэнцыі яго падарожжа ў Арменію, якое пройдзе 24-26 чэрвеня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.