Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак да цыркачоў: «У гэты год вы адчынілі дзверы для самых патрабуючых»
Святы Айцец
17.06.2016 16:38

Сейбітамі прыгажосці і радасці ў часам панурым і сумным свеце назваў Папа Францішак удзельнікаў вандроўных і народных тэатраў: цыркачоў, акрабатаў, лялькаводаў, музыкаў, вулічных артыстаў і фокуснікаў, якія сабраліся 16 чэрвеня ў Ватыкане з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Дзейнасць вандроўных калектываў, па словах Святога Айца, можа ўзбагаціць грамадствы ўсяго свету, умацаваць адчуванне надзеі і даверу, узносіць душы, дэманстраваць адвагу ў выкананні асабліва складаных нумароў, выклікаць захапленне прыгажосцю і ствараць магчымасці для «здаровых забаваў».

«Свята і радасць — гэта адметныя знакі вашай тоеснасці (...). Вы маеце асаблівы рэсурс: сваімі пастаяннымі перамяшчэннямі можаце несці ўсім Божую любоў, Яго спагаду і міласэрнасць. Вы можаце быць вандруючымі хрысціянскімі супольнасцямі, сведкамі Хрыста, які заўсёды знаходзіцца ў дарозе, каб сустракаць нават самых далёкіх», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак выказаў падзяку вандроўным калектывам, якія ў межах Года Міласэрнасці адчынілі свае дзверы для самых апошніх, далучаючыся да мноства артыстаў, якія наведваюць тэрыторыі, пацярпелыя ад войнаў, прыродных катаклізмаў і насілля.

«Я цешуся з вамі, бо ў гэты Святы Год вы адчынілі вашы тэатры для самых патрабуючых, бедных і бяздомных, зняволеных і складанай моладзі. Таксама і гэта — міласэрнасць: сеяць прыгажосць і радасць у часам панурым і сумным свеце», — сказаў Папа.

Святы Айцец запэўніў удзельнікаў вандроўных і народных тэатраў у блізкасці Касцёла і заклікаў іх клапаціцца пра сваю веру, прыступаць да сакрамэнтаў, перадаваць сваім дзецям любоў да Бога і бліжняга. «Як ведаеце, Касцёл займаецца праблемамі, якія суправаджаюць ваша вандроўнае жыццё. Ён хоча дапамагчы вам і выкараніць забабоны, якія часам трымаюць вас на ўзбочыне», — сказаў Папа.

У сустрэчы з Пантыфікам, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, прынялі ўдзел каля 7 тыс. чалавек.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.