Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Касцёл мае патрэбу ў гатовых рызыкаваць свецкіх верніках
Святы Айцец
17.06.2016 17:02

Касцёл мае патрэбу ў добра падрыхтаваных свецкіх верніках, натхнёных шчырай і светлай верай, гатовых рызыкаваць і не баяцца памыліцца, сказаў Папа Францішак на аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па справах свецкіх 17 чэрвеня.

Сустрэча прайшла ў кантэксце рэформы Рымскай курыі і стварэння новай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у склад якой увойдуць, пачынаючы з 1 верасня, цяперашняя Папская рада па справах свецкіх і Папская рада па справах сям’і. «Гаворка ідзе пра завяршэнне важнага этапу і адкрыццё новага для Дыкастэрыі Рымскай курыі, якая суправаджала жыццё, сталенне і трансфармацыю свецкіх католікаў ад Другога Ватыканскага Сабору да сённяшняга дня», — падкрэсліў Папа.

За 50 гадоў сваёй дзейнасці Папская рада па справах свецкіх прынесла мноства плёнаў: ад Сусветных дзён моладзі, «прылады евангелізацыі новых пакаленняў», да з’яўлення шматлікіх новых каталіцкіх рухаў і ўмацавання ролі жанчыны ў Касцёле.

«Можам сказаць, што мандат, які вы атрымалі ад Сабору, заключаўся менавіта ў “падштурхоўванні” свецкіх вернікаў усё больш і лепш уключацца ў евангелізацыйную місію Касцёла, не па “даручэнні” іерархіі, але таму, што іх апостальства — “гэта ўдзел у самой збаўчай місіі Касцёла, і менавіта для гэтага апостальства сам Пан прызначае ўсіх праз хрост і канфірмацыю”. Гэта ўваходная брама! У Касцёл уваходзяць праз хрост, а не праз прэзбітэрскае ці біскупскае пасвячэнне! Усе ўваходзяць праз тую ж браму! Гэта хрост робіць з кожнага верніка місійнага вучня Пана, соль зямлі, святло для свету, закваску, якая перамяняе рэальнасць знутры», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што зараз для дыкастэрыі настаў час з надзеяй паглядзець у будучыню. Дапамагчы гэтаму павінна рэформа і ў прыватнасці злучэнне з Папскай радай па справах сям’і.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа Францішак заўважыў, што Касцёл пакліканы быць «бацькоўскім домам, у якім ёсць месца для кожнага з яго складаным жыццём»; «евангелізуючай супольнасцю, якая без страху бярэ ініцыятыву, ідзе насустрач, каб шукаць і знаходзіць далёкіх і дасягаць скрыжаванняў дарог, каб запрашаць адчужаных».
 
Пантыфік заклікаў быць уважлівымі да сем’яў, якія перажываюць цяжкасці і патрабуюць міласэрнасці, яшчэ не разведаных апостальскіх сфер, шматлікіх свецкіх вернікаў, якія маюць добрыя і шчодрыя сэрцы і з ахвотай паставяць на службу Евангеллю свае сілы, час, здольнасці, калі будуць прыняты, ацэнены і з любоўю падтрыманы пастырамі і касцёльнымі структурамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.