Папа да студэнтаў: рызыкуйце дзеля шляхетных ідэалаў |
Святы Айцец |
20.06.2016 12:27 |
Сведчанне працягваецца толькі хвіліну, але з’яўляецца зернем, якое прыносіць плён, сказаў Папа Францішак падчас візіту ў каталіцкі студэнцкі інтэрнат «Villa Nazareth» у Рыме. Пантыфік наведаў гэту структуру вечарам 18 чэрвеня. У мясцовай капліцы ён выслухаў разам з моладдзю евангельскае апавяданне пра Добрага Самараніна, пасля чаго звярнуўся да прысутных. Папа Францішак нагадаў, што ў гэтай гісторыі апавядаецца пра збітага разбойнікамі юдэя, які ляжаў пры дарозе. Яму дапамог чужынец, грэшнік, што напэўна зрабіла вялікае ўражанне на гаспадара заезду. «Сведчанне гэтага грэшніка пасеяла ў сэрцы таго чалавека неспакой. Евангелле не кажа, што з ім стала потым. Але Святы Дух, калі сее, дбае таксама пра рост. Напэўна, Ён паклапаціўся, каб у гэтым чалавеку расла зацікаўленасць, турбота. А затым, калі Самаранін прыйшоў у другі раз і хацеў заплаціць, магчыма ён пачуў: “не, гэта было за мой кошт”. Магчыма менавіта такім быў першы адказ на гэта сведчанне», — сказаў Папа. Па словах Папы Францішка, сведчыць — азначае жыць такім чынам, каб іншыя бачылі мае справы і хвалілі Айца, які ёсць у Небе. Пантыфік заклікаў маліцца, каб Пан захаваў ад разбойнікаў, ад святароў, якія пастаянна спяшаюцца, і ад вучоных, якія жадаюць прадставіць веру Езуса Хрыста з матэматычнай строгасцю. «Няхай Пан нас навучыць спыняцца, няхай навучыць нас мудрасці Евангелля, якая заключаецца ў тым, каб “пэцкаць рукі”», — дадаў Святы Айцец. Папа Францішак пажадаў моладзі не заставацца інертнымі, але гатовымі рызыкаваць без страху памыліцца. «А калі памылюся? Благаславі Пана! Зробіш большую памылку, калі застанешся ў бестурботным стане. Гэта найгоршая памылка: закрытасць. Рызыкуй дзеля шляхетных ідэалаў! Рызыкуй, пэцкаючы сабе рукі! Рызыкуй, як Самаранін з прыпавесці!» — сказаў Папа. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |