Святы Айцец: «суд належыць толькі Богу» |
Святы Айцец |
21.06.2016 08:54 |
Перш чым судзіць іншых, трэба паглядзець на сябе ў люстэрка, адзначыў Папа Францішак 20 чэрвеня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік падкрэсліў, што Божае суджэнне адрознівае ад чалавечага не ўсемагутнасць, а міласэрнасць. «Судзіць можа толькі Бог, таму, калі мы не хочам быць асуджанымі, не павінны судзіць іншых», — заўважыў Святы Айцец. Па словах Папы Францішка, кожны хоча, каб у дзень Апошняга суда Пан паглядзеў на яго «з добразычлівасцю, каб забыў пра многія кепскія рэчы, якія мы ўчынілі ў жыцці». Калі ж пастаянна асуджаем іншых, нам будзе адмерана паводле такой жа меры. «Паглядзі ў люстэрка, але не для таго, каб зрабіць макіяж, схаваць маршчыны. Не, не гэта парада! Паглядзі ў люстэрка, каб убачыць, кім з’яўляешся. “Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго, калі ў тваім воку бервяно?” І як Пан да нас ставіцца, калі робім так? З адным толькі словам: “Крывадушны, спачатку выкіні бервяно з вока свайго і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго», — сказаў Папа. Па словах Пантыфіка, Пан «крыху абураецца», калі нехта ставіць сябе на «месца Бога». Менавіта да гэтага спакусіў змей Адама і Еву: «быць як Ён», і яны захацелі заняць месца Бога. «Таму вельмі кепска асуджаць. Суд належыць толькі Богу, толькі Яму! А нам: любоў, спагада, малітва за іншых, калі бачым нядобрыя рэчы. А таксама трэба казаць ім: “Паслухай, я бачу гэта, магчыма...” Не судзіць. Ніколі. Гэта крывадушнасць, калі мы асуджаем», — падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец заўважыў, што чалавечае суджэнне «беднае» і ніколі не можа быць «сапраўдным суджэннем», падобным да Божага, таму што яму заўсёды будзе не хапаць міласэрнасці. «Калі судзіць Бог, робіць гэта з міласэрнасцю», — дадаў Папа Францішак. Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца аб разуменні гэтай таямніцы. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |