Пантыфік не плануе падпісваць сумесную дэкларацыю з Армянскай Царквой |
Святы Айцец |
22.06.2016 11:54 |
«У праграме падарожжа Папы Францішка ў Арменію не прадугледжана падпісанне супольнай дэкларацыі, але пытанне застаецца адкрытым», — сказаў журналістам падчас брыфінгу ў Ватыкане 21 чэрвеня кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён нагадаў, што Ян Павел ІІ падчас свайго візіту ў Арменію ў 2001 годзе падпісаў сумесную дэкларацыю з Кіраўніком Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгінам ІІ. У ёй, між іншым, закраналася пытанне масавага знішчэння армян у часы Асманскай імперыі. Як адзначыў кіраўнік Залы Друку, падчас візіту Папы Францішка ў гэту краіну падпісанне сумеснай дэкларацыі не прадугледжана, паколькі не існуе дастаткова наспелага зместу. «Аднак, калі такі дакумент будзе падпісаны, то Зала Друку неадкладна паінфармуе аб гэтым», — дадаў кс. Федэрыка Ламбардзі. Візіт Святога Айца ў Арменію пройдзе 24-26 чэрвеня 2016 г. У маршруце яго падарожжа будуць чатыры месцы: Эчміядзін, Ерэван, Гюмры і Хор Вірап. З 30 верасня па 2 кастрычніка Пантыфік наведае Грузію і Азербайджан. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |