Пантыфік: смяротнае пакаранне недапушчальна |
Святы Айцец |
22.06.2016 11:47 |
«Смяротнае пакаранне недапушчальна, якім бы цяжкім ні было злачынства асуджанага», — падкрэсліў Папа Францішак у відэапасланні, якое адрасаваў удзельнікам VI Міжнароднага кангрэсу супраць смяротнага пакарання. Сустрэча адбываецца 21-23 чэрвеня ў Осла. Найвышэйшую меру пакарання Святы Айцец назваў «парушэннем недатыкальнасці жыцця і чалавечай годнасці» і падкрэсліў, што смяротны прысуд «супярэчыць Божай задуме адносна чалавека і грамадства, Яго міласэрнай справядлівасці». Пантыфік заўважыў, што пакаранне смерцю не аднаўляе парушаны парадак, але ўяўляе сабой помсту. «Запаведзь “Не забівай” мае абсалютную каштоўнасць і прымяняецца аднолькава як да невінаватага, так і да злачынцы», — нагадаў Папа Францішак. Святы Айцец выказаў спадзяванне, што Юбілейны Год Міласэрнасці, які перажывае паўсюдны Касцёл, стане добрай нагодай для выхавання большай павагі да годнасці чалавечага жыцця. «Сёння я буду натхняць усіх працаваць не толькі ў накірунку адмены смяротнага пакарання, але і паляпшэння турэмных умоў, каб яны забяспечвалі паважлівае стаўленне да чалавечай годнасці зняволеных», — дадаў Пантыфік. Папа выказаў перакананне, што правасуддзе мае на мэце рэабілітацыю злачынцы. Яно павінна спрыяць таму, каб у будучым асуджаны мог бы нанова ўключыцца ў грамадства. «Пакаранне дзеля пакарання, якое не пакідае надзеі, ўяўляе сабой адну з форм катавання», — заключыў Святы Айцец. VI Міжнародны кангрэс супраць смяротнага пакарання арганізаваны няўрадавымі арганізацыямі «Разам супраць смяротнага пакарання» і «Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання» пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Нарвегіі. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі каля 140 арганізацый з усяго свету. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |