Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа прыняў дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату
Святы Айцец
29.06.2016 16:02

28 чэрвеня Папа Францішак прыняў дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым на ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.

Пантыфік адзначыў, што, хоць з першых стагоддзяў існавала шмат адрозненняў паміж Цэрквамі Рыма і Канстанцінопаля, напрыклад, у касцёльнай і літургічнай дысцыпліне, там заўсёды быў адзін і той жа досвед бясконцай Божай любові да нашай нязначнасці і крохкасці.

Пантыфік спаслаўся на Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які працягваецца ў Каталіцкім Касцёле, і падкрэсліў неабходнасць сведчання гэтай таямніцы, прытрымліваючыся прыкладу апосталаў Пятра і Паўла і іншых апосталаў. Менавіта «досвед прабачэння і міласэрнасці аб’ядноўвае ўсіх тых, хто верыць у Хрыста». На думку Папы, міласэрнасць павінна быць «крытэрыем і мерай» адносін паміж католікамі і праваслаўнымі. «Нельга працягваць сілкаваць пачуццямі і адносінамі суперніцтва, недаверу і азлобленасці», — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў спадзяванне, што будзе дасягнута адзінства першага тысячагоддзя хрысціянства, якое палягала не на аднастайнасці, а на «зносінах з павагай да законных адрозненняў», забяспечаных тэалагічным дыялогам. У гэтым канстэксце Папа Францішак адзначыў працу Паўночнаамерыканскай праваслаўна-каталіцкай тэалагічнай кансульты, заснаванай больш за 50 гадоў таму, і Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Пантыфік узгадаў свой нядаўні сумесны з Патрыярхам Канстанцінопальскім і архіепіскапам Афінскім і ўсяе Грэцыі візіт на востраў Лесбас да бежанцаў і мігрантаў. Такія сумесныя ініцыятывы, па словах Папы, дзякуючы Святому Духу дапамагаюць усё больш яснаму ўсведамленню, што католікі і праваслаўныя нясуць агульную адказнасць перад тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, і што гэта вынікае з аднаго Евангелля Езуса Хрыста. Папа заклікаў актывізаваць «усе формы супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі ў служэнні спрагненаму чалавецтву».

Святы Айцец прызнаўся, што разам з многімі вернікамі Каталіцкага Касцёла суправаджаў малітвамі падрыхтоўку і правядзенне Усеправасланага Сабору, які завяршыўся на Крыце. Пантыфік запэўніў дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату ў сваёй братэрскай любові і павазе і папрасіў праваслаўных іерархаў аб малітве за сваё служэнне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.