Перад пагрозай падзелаў і канфліктаў Еўропа мае патрэбу ў пераменах, сказаў Папа Францішак у адмысловым відэапасланні на заканчэнне працы трэцяга міжнароднага Кангрэса прадстаўнікоў еўрапейскіх хрысціянскіх рухаў, супольнасцяў і ініцыятыў.
Форум пад назвай «Сустрэча – Прымірэнне – Будучыня» праходзіў з 30 чэрвеня па 2 ліпеня ў Мюнхене (Германія).
Пантыфік падкрэсліў своечасовасць дадзенай ініцыятывы, калі ўлічваць праблемы, з якімі сёння сутыкнулася Еўропа. «Апроч бачных муроў, узмацняюцца таксама нябачныя, якія імкнуцца падзяліць кантынент. Гэта сцены, што ўзводзяцца ў людскіх сэрцах. Сцены, пабудаваныя са страху і агрэсіўнасці, недахопу ўзаемапаразумення паміж людзьмі рознага паходжання і веравызнання; сцены палітычнага і эканамічнага эгаізму, пазбаўленага павагі да жыцця і годнасці чалавека», — сказаў Святы Айцец.
Папа Францішак адзначыў, што працэс глабалізацыі паслабляе еўрацэнтрызм кантынента, і гэта вымушае з мужнасцю прызнаваць: неабходны перамены. «Еўропа заклікана паразважаць і запытацца сябе, ці яе невымерная спадчына, пранізаная хрысціянствам, ужо належыць музею, ці яшчэ здольная натхняць культуру і дарыць свае скарбы чалавецтву», — працягнуў Пантыфік. Па словах Святога Айца, калі Еўропа хоча быць сям’ёй народаў, яна павінна паставіць у цэнтры чалавека, вызначацца адкрытасцю і ветлівасцю, развіваць не толькі эканамічнае, але і сацыяльнае і культурнае супрацоўніцтва.
Пантыфік пажадаў удзельнікам сустрэчы, каб іх дамы, супольнасці і гарады былі «майстэрнямі еднасці,сяброўства і братэрства, здольнымі да інтэграцыі, адкрытымі да ўсяго свету». «У шматнацыянальнай Еўропе вы сведчыце аб тым, што ўсе мы дзеці аднаго Айца, браты і сёстры паміж сабой. Вы з’яўляецеся каштоўным зернем надзеі на тое, што Еўропа нанова распазнае сваё пакліканне да спрыяння адзінству», — гэтымі словамі завяршыў свой відэазварот Папа.
Арганізатарам міжнароднага Кангрэса прадстаўнікоў еўрапейскіх хрысціянскіх рухаў, супольнасцяў і ініцыятыў выступае хрысціянскі рух «Разам для Еўропы», які аб’ядноўвае больш за 300 хрысціянскіх арганізацый з усяго еўрапейскага кантынента. Асноўнай мэтай яго дзейнасці з’яўляецца ўмацаванне еднасці Еўропы, яе хрысціянскіх каранёў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|