Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Іду наперад сваёй дарогай, не азіраючыся па баках
Святы Айцец
04.07.2016 15:44

Бэнэдыкт XVI з’яўляецца сапраўдным рэвалюцыянерам з бязмежнай высакароднасцю — так свайго папярэдніка на Пасадзе св. Пятра ахарактарызаваў Папа Францішак у чарговым інтэрв’ю.

Святы Айцец даў яго аргенцінскай газеце «La Nacion» 28 чэрвеня, у дзень, калі Папа на пенсіі святкаваў 65-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння. Інтэрв’ю факусіруецца ў асноўным на ўнутрыаргенцінскіх пытаннях, закранаецца тэма падыходу Папы Францішка да «касцёльных кансерватараў».

Пантыфік пацвердзіў, што адстаўка Бэнэдыкта XVI не мела нічога агульнага з асабістымі праблемамі, але была «апошнім актам яго кіраўніцтва Касцёлам». Святы Айцец заўважыў, што, хоць Папа на пенсіі мае праблемы пры хадзе, нязменнымі застаюцца яго памяць і інтэлект.

Папа Францішак адзначыў, што не існуе, як некаторыя спрабуюць паказаць, ніякага канфлікту паміж ім і Прэзідэнтам Аргенціны. На пытанне аб тым, чаму ён прыняў на прыватнай аўдыенцыі заснавальніцу руху «Маці Плаза дэ Майо», якая яго моцна крытыкуе, Папа адказаў, што гэта быў жэст прабачэння.

«Геба дэ Бонафіні папрасіла ў мяне прабачэння, і я прабачыў ёй. У гэтым нельга адмовіць нікому», — сказаў Пантыфік, нагадаўшы, што гэта жанчына, у якой былі забіты два сыны. «Я станаўлюся на калені перад велічынёй яе пакут. Не важна, што яна пра мяне казала раней, нават калі я ведаю, што гэта былі жудасныя рэчы», — прызнаўся Папа Францішак.

Кажучы пра крытыку з боку касцёльных кансерватараў, Святы Айцец падкрэсліў, што яны робяць сваю працу, а ён робіць тое, што належыць яму. «Я хачу Касцёла адкрытага, які ставіцца з разуменнем, суправаджае параненыя сем’і. Яны ўсім кажуць "не". Я іду наперад сваёй дарогай, не азіраючыся па баках. Не сяку з-за пляча. Я ніколі не любіў рабіць гэтага. Я яшчэ раз паўтараю: я не люблю канфліктаў», — падкрэсліў Папа Францішак у інтэрв’ю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.