Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў усіх хрысціян маліцца аб міры ў Сірыі
Святы Айцец
05.07.2016 15:11

«Пакуль людзі пакутуюць, неверагодная колькасць грошай ідзе на забеспячэнне вайскоўцаў зброяй», — выказаў занепакоенасць Папа ў відэапасланні ў падтрымку кампаніі па спрыянню міру ў Сірыі, якую ажыццяўляе міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Caritas Internationalis».

Між тым, па словах Пантыфіка, для Сірыі «не існуе ваеннага рашэння – выключна палітычнае».

Ваенныя дзеянні ў гэтай краіне, якія доўжацца ўжо больш за чатыры гады, Папа назваў «сітуацыяй невымоўных пакут, ахвярай якіх з’яўляецца сірыйскі народ». Святы Айцец дадаў, што насельніцтва «вымушана выжываць пад бомбамі або шукаць спосабы ўцячы ў іншыя краіны».

Пры гэтым, адзначыў Пантыфік, шлях да пабудовы больш справядлівага грамадства ўскладняецца існуючай сітуацыяй няшчырасці з боку зацікаўленых бакоў. «Некаторыя з краін, якія кажуць аб міры, самі з’яўляюцца пастаўшчыкамі зброі. Як можна давяраць таму, хто правай рукой цябе падтрымлівае, а левай раніць?» — абураецца Святы Айцец.

Папа Францішак заклікаў усіх хрысціян маліцца аб міры ў Сірыі і распаўсюджваць пасланне міру і надзеі ў сваіх парафіях і супольнасцях, а малітву падмацоўваць канкрэтнымі ўчынкамі. «Запрашаю звяртацца да тых асобаў, якія прымаюць удзел ў мірных перамовах, каб з сур’ёзнасцю ставіліся да гэтых пагадненняў і дабіваліся палягчэння доступу да гуманітарнай дапамогі», — сказаў Святы Айцец.

«Звяртаюся да ўсіх пражыць з энтузіязмам гэты Год Міласэрнасці, каб перамагчы абыякавасць і з моцай абвясціць, што мір у Сірыі магчымы!» — адзначыў Пантыфік і дадаў, што гэта паслужыць прыкладам жывой любові для ўсёй міжнароднай грамадскасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.