«Вы дапамагаеце нам сустрэць Езуса, бо расказваеце пра Яго не столькі словамі, колькі ўсім сваім жыццём», — сказаў Папа ўдзельнікам пілігрымкі бедных з Ліёнскай дыяцэзіі (Францыя), якая прыбыла ў Рым на чале з кардыналам Філіпам Барбарэнам.
Аўдыенцыя прайшла 6 ліпеня ў Зале Паўла VI у Ватыкане.
Пантыфік узгадаў постаць французскага святара Ёзэфа Врэзінскага, паслядоўнікі якога і выступілі арганізатарамі сустрэчы. Сваё жыццё гэты святар прысвяціў клопату пра бедных, якім заўсёды казаў: «Вы знаходзіцеся ў сэрцы Касцёла». «Езус заўсёды аддаваў перавагу такім людзям, як вы, якія перажывалі падобныя сітуацыі», — адзначыў Папа Францішак.
Святы Айцец падзякаваў ініцыятарам сустрэчы за адданасць місіі кс. Ёзэфа Врэзінскага, які замест абстрактных тэорый падзяляў з беднымі іх няпростую штодённасць. «Вы не толькі выходзіце насустрач ім, якія саромяцца і хаваюцца, не толькі суправаджаеце, намагаючыся зразумець іх пакуты і прыняць іх роспач, але і ствараеце вакол іх супольнасць, вяртаючы ім сэнс існавання, ідэнтычнасць, пачуццё годнасці», — сказаў Пантыфік, звяртаючыся да арганізатараў. Папа заклікаў нанова адкрыць у Год Міласэрнасці дух салідарнасці, братэрства, узаемнай дапамогі і падтрымкі і жыць ім.
На заканчэнне сустрэчы Папа звярнуўся да пілігрымаў з просьбай аб выкананні місіі, якую, як падкрэсліў Пантыфік, «толькі вы, у сваёй беднасці, будзеце здольныя выканаць». Святы Айцец папрасіў маліцца за багатых, марнатраўных, крывадушнікаў гэтага свету, за ўсіх, хто мае дачыненне да існавання галечы ў свеце, каб Бог перамяніў іх сэрцы. «І я вам гарантую, што, калі будзеце так рабіць, станецца вялікая радасць у Касцёле, у вашых сэрцах і ў дарагой Францыі», — дадаў Папа.
Пілігрымку бедных з Ліёнскай дыяцэзій арганізавала асацыяцыя «Сябры ксяндза Ёзэфа Врэзінскага», каб такім чынам адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння святара, які прысвяціў сваё жыццё бедным. Ён заснаваў міжнародны рух «Чацвёрты свет», у рамках якога сёння дзейнічае «Пастаянны форум па беднасці ў свеце» — сетка арганізацый і асобных людзей з больш чым ста краін, адданых місіі барацьбы супраць галечы ў духу адзінства і салідарнасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|