Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда
Сандры падвёў вынікі апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Арменію,
здзейсненага 24-26 чэрвеня. Па словах кардынала, умовы, у якіх сёння існуе армянская каталіцкая супольнасць, вельмі абнадзейваюць.
Прэфект Кангрэгацыі назваў армянскіх католікаў, якія ў сваёй краіне з’яўляюцца рэлігійнай меншасцю, «невялікай паствай», «супольнасцю, загартаванай гісторыяй і мучаніцтвам», але дадаў, што дзякуючы братэрскасці і велікадушнасці Каталікоса ўсіх армян і епіскапаў Армянскай Апостальскай Царквы вызнаўцы каталіцкай веры могуць годна жыць і развівацца, асабліва праз учынкі міласэрнасці. Сярод іх кардынал узгадаў бальніцу ў Ашоцку, якая была пабудавана пасля землятрусу 1988 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла II, місіянерскія дамы Маці Тэрэзы, новы цэнтр для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў Гюмры, армянскія школы сясцёр з супольнасці Беззаганнага Зачацця.
Іерарх адзначыў гасціннасць і ветлівасць Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна II, падкрэсліў важнасць сумеснай з ім малітвы Папы Францішка, якая мела месца падчас візіту, і запэўніў, што сваім прыездам у Арменію Пантыфік жадаў засведчыць блізкасць да армянскага народа, падзяліць з ім боль гісторыі, якую заклікаў не забываць.
Па словах прэфекта, паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам у Арменіі складваюцца вельмі добрыя адносіны. Іерарх звярнуў увагу, што ўмацаванню дыялогу і кантактаў паміж бакамі паспрыялі два папскія візіты — цяперашні і здзейснены Янам Паўлам ІІ у 2001 г. У гэтым кантэксце, дадаў кардынал, надзвычайную важнасць маюць і запланаваныя на восень 2016 г. падарожжы Папы ў Грузію і Азербайджан.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|