Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Крыстаф Шонбарн патлумачыў асноўнае пасланне Апостальскай адгартацыі «Amoris laetitia»
Святы Айцец
09.07.2016 16:02

Арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн абверг сцвярджэнні аб тым, што апошні дакумент Папы Францішка аб сужэнстве і сям’і не мае характару настаўніцкага навучання Касцёла і таму не з’яўляецца абавязковым. Як сказаў кардынал у інтэрв’ю, апублікаваным у апошнім выпуску італьянскага часопіса «Civiltà cattolica», «відавочна», што «Amoris laetitia» з’яўляецца такім актам, таму што гэта Апостальская адгартацыя.

Кардынал Шонбарн, які на апошнім Сінодзе Біскупаў быў мадэратарам нямецкамоўнай групы, адзначыў, што дакумент Пантыфіка, выдадзены ў пачатку красавіка, з’яўляецца «сапраўдным урокам святога вучэння», якое было актуалізавана для сучаснасці. Іерарх дадаў, што Бэнэдыкт XVI, яшчэ ў якасці прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, сказаў яму, што нельга выкарыстоўваць адно стандартнае правіла для ўсіх выпадкаў разведзеных асобаў, якія жывуць у паўторных саюзах.

Па словах арцыбіскупа Вены, адгартацыяй «Amoris laetitia» Папа ламае «чорна-белую кальку» ў дачыненні да сужэнства і сям’і, падкрэслівае, што гэта не так проста, таму што «з аднаго боку ёсць сужэнствы і сем’і, якія функцыянуюць добра і ў якіх усё ідзе добра, але ёсць і тыя, у якіх адбываецца нешта дрэннае».

Як падкрэсліў кардынал, самым важным у гэтым дакуменце з’яўляецца той факт, што не існуе падзелу на «правільных» і «няправільных», і Папа кажа, што ўсе людзі знаходзяцца «на шляху» і як грэшнікі маюць патрэбу ў міласэрнасці. Пантыфік не адмаўляе таго, што існуюць сітуацыі «правільныя» і «няправільныя», але выходзіць за рамкі гэтага пункту гледжання, выконваючы вучэнне Евангелля, сказаў арцыбіскуп Вены.

Кардынал дадаў, што «Amoris laetitia» трывала стаіць на фундаменце касцёльнай традыцыі, адначасова абнаўляючы навучанне для сучаснасці. У гэтым кантэксце іерарх адзначыў, што ўжо Ян Павел II у сваёй тэалогіі цела як Божага вобразу бачыў не толькі душу чалавека. Па словах арцыбіскупа Вены, цяпер, разам з Папам Францішкам, настаўніцкае вучэнне Касцёла робіць «наступны крок», бліжэй да сужэнства і сям’і не «зверху», а «знізу»: зараз ён кіруе «любячы позірк на рэальнасць, якая ўключае радасці і пакуты чалавека». Папа хоча, каб па прычыне існавання шматлікіх цяжкіх сітуацый у сужэнстве і сям’і ў душпастырстве разглядаўся асобна кожны канкрэтны выпадак, сказаў у інтэрв’ю іерарх.

Што тычыцца магчымага допуску да святой Камуніі праз «Amoris laetitia» разведзеных асобаў, якія жывуць у паўторных саюзах, кардынал Шонбарн выказаў меркаванне, што тут можна ўжыць аналагічную працэдуру, як і ў выпадку членаў Касцёлаў усходняй традыцыі, якія жадаюць прыняць гэты сакрамэнт. Таксама не выключаецца прыняцце святой Камуніі ў пэўных сітуацыях «з сур’ёзнага духоўнага жадання вечнага збаўлення», «па-за шляхам, які звычайна выкарыстоўваецца ў касцёльнай структуры». Менавіта ў гэтым сэнсе, лічыць аўстрыйскі іерарх, можна разумець сцвярджэнне «Amoris laetitia», што разведзеныя, якія жывуць у паўторных саюзах, «у некаторых выпадках могуць таксама атрымаць дапамогу ў форме сакрамэнту».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.