У Ватыкане прадстаўлена афіцыйная праграма падарожжа Папы ў Грузію і Азербайджан |
Святы Айцец
|
13.07.2016 17:41 |
Апостальскае падарожжа Святога Айца ў Грузію і Азербайджан пачнецца 30 верасня і працягнецца тры дні.
У міжнародны аэрапорт Тбілісі Пантыфік прыбудзе ў апошні дзень верасня ў 15.00. Там пройдзе цырымонія прывітання, пасля якой Папа накіруецца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Пасля Святы Айцец сустрэнецца з прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным у Грузіі.
У гэты дзень Пантыфіка чакаюць і дзве экуменічныя сустрэчы: спачатку ў Патрыяршым палацы Папу будзе прымаць Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілья ІІ, а вечарам Святы Айцец сустрэнецца з мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы.
Першы дзень кастрычніка Папа Францішак прысвеціць каталіцкай супольнасці Грузіі. Пантыфік распачне яго святой Імшой на стадыёне імя Міхаіла Месхі. Затым адбудзецца сустрэча з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, пасля якой Папа накіруецца ў каталіцкі дабрачынны цэнтр, дзе прывітае супрацоўнікаў гэтай сферы.
Апошнім пунктам візіту ў Грузію стане наведванне кафедральнага патрыяршага храма Грузінскай Праваслаўнай Царквы Свеціцховэлі ў старажытным горадзе Мцхета, які на працягу тысячагоддзя быў галоўным саборам усёй Грузіі.
Раніцай 2 кастрычніка Святога Айца будуць чакаць у міжнародным аэрапорце Баку. Папа правядзе ў Азербайджане адзін дзень, на працягу якога, апрача афіцыйных прывітальных урачыстасцяў, правядзе святую Імшу ў каталіцкім храме сталіцы і паабедае з салезіянскай супольнасцю, якая працуе ў парафіі; правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам Азербайджана і прадстаўнікамі кіраўніцтва дзяржавы; сустрэнецца спачатку з мусульманскім шэйхам Каўказа ў мясцовай мячэці, а затым з праваслаўным епіскапам Баку і кіраўніком мясцовай яўрэйскай супольнасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|