Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік нечакана наведаў Папскую камісію па справах Лацінскай Амерыкі
Святы Айцец
14.07.2016 15:52

13 ліпеня, падчас свайго летняга адпачынку, Папа Францішак нечакана наведаў удзельнікаў пасяджэння Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, якая дзейнічае ў рамках Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Пантыфік правёў кароткую размову з удзельнікамі сустрэчы, таксама адбылася доўгая гутарка з сакратаром Камісіі Гусманам Карыкіры Лекурам.

Гэта быў не адзін з візітаў у ватыканскія дыкастэрыі, а «імправізацыя», аб якой не ведаў ніводзін з прысутных. Аб гэтым рапавёў папскі шафёр, якому Пантыфік паведаміў аб сваім рашэнні ў апошні момант, пасля візіту да стаматолага. Папа сказаў жандарму, які суправаджаў яго, што хацеў бы наведаць Камісію, якая праводзіць сваё пасяджэнне на Віа дэла Канчыліяцыёнэ 1, на супрацьлеглым баку ад плошчы св. Пятра.

Калі Папа Францішак падняўся на паверх, дзе працавала Камісія, яе ўдзельнікі абмяркоўвалі правядзенне Юбілею Міласэрнасці ў Багаце (Калумбія). Пасля прывітання адбыўся кароткі абмен думкамі са Святым Айцом.

«Гэта быў неверагодны сюрпрыз, які прыемна перапыніў ранішнюю працу», — пракаментаваў візіт Пантыфіка Гусман Карыкіры Лекур, якога цытуе інфармацыйны партал «Il sismografo». У той жа час ён падкрэсліў, што гэтая сустрэча насіла неафіцыйны характар і не была ўключана ў праграму папскіх візітаў у розныя дыкастэрыі Рымскай курыі, таму Камісія па-ранейшаму чакае візіту Святога Айца, на гэты раз афіцыйнага.

Папскую камісію па справах Лацінскай Амерыкі заснаваў Пій XII 21 красавіка 1958 г. для цэласнага вывучэння асноўных праблем каталіцкага жыцця, абароны веры і ўмацавання рэлігіі на кантыненце. Гаворка ішла таксама пра спрыянне лепшаму супрацоўніцтву паміж мясцовым Касцёлам і дыкастэрыямі Рымскай курыі і аказанне дапамогі мясцовым католікам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.