Мэта візітаў Пантыфікаў у мемарыял «Аўшвіц-Біркенаў» — захаваць
памяць і засведчыць салідарнасць з яўрэйскім народам, сказаў кардынал
Курт Кох у інтэрв’ю кс. Манфрэду Дэсэлерсу, кіраўніку Цэнтра дыялогу і
малітвы ў Асвенцыме. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам адзначыў, што перад абліччам новых праяваў антысемітызму Папа Францішак пастаянна нагадвае, што нельга быць адначасова хрысціянінам і антысемітам. Святы Айцец наведае мемарыял «Аўшвіц-Біркенаў», былы канцлагер, 29 ліпеня.
Ватыканскі іерарх звярнуў увагу, што юдэйска-хрысціянскі дыялог стаў важным не «пасля Аўшвіц». «З юдаізмам мы, хрысціяне, маем унікальную сувязь, як з ніводнай іншай рэлігіяй. Гэта выказаў Ян Павел II падчас свайго візіту ў сінагогу Рыма 13 красавіка 1986 г. яснымі словамі: “Юдэйская рэлігія з’яўляецца для нашай рэлігіі не знешняй рэальнасцю, але нечым унутраным”. Пасля Аўшвіц дыялог стаў яшчэ больш важным, таму што Халакост паўплываў таксама і на нас, хрысціян, і мы павінны паставіць пытанне: чаму супраціў хрысціян адносна вынішчэння яўрэяў не быў настолькі моцным, наколькі можна было справядліва чакаць?» — падзяліўся думкамі кардынал Курт Кох.
«Аўшвіц нельга зразумець», — дадаў старшыня Папскай рады, гаворачы пра злачынствы нацыстаў. «Нам пастаянна нешта перашкаджае і парушае рытм нашага жыцця. Хто слухае штодзённыя навіны, адчувае, што ў нашым свеце адбываецца шмат добрага, з чаго мы можам атрымліваць асалоду, але і што на парадку дня ёсць шмат жаху і тэрору. Мы сутыкаемся з абодвума кірункамі і не можам запярэчыць іх існаванню. Чалавек можа сапраўды радавацца толькі тады, калі не пазбягае смутку. Слёзы радасці і слёзы болю выплываюць з той жа крынічнай вады душы», — сказаў іерарх перад візітам Папы ў мемарыял.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|