Відэаінтэнцыі Папы карыстаюцца папулярнасцю ў сацыяльных сетках |
Святы Айцец |
18.07.2016 17:27 |
Са студзеня Папа Францішак абвяшчае свае малітоўныя інтэнцыі ў фармаце кароткіх відэаролікаў на «YouTube». За паўгода толькі праз ватыканскія акаўнты ў сацыяльных сетках іх паглядзелі больш за 10 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. «Вобраз з папскім пасланнем прамаўляе вельмі моцна, і гэтыя відэа актыўна распаўсюджваюцца маладымі людзьмі, якія ў іншай сітуацыі, магчыма, нават і не даведаліся б, што Папа кожны месяц просіць маліцца ў канкрэтных інтэнцыях», — сказаў дырэктар Сусветнага апостальства малітвы айцец Фрэдэрык Фарнос, каардынатар ініцыятывы. «Мы вельмі ўражаны папулярнасцю гэтых відэапасланняў, і ў той жа час мы рады, што іх ацанілі не толькі шматлікія католікі па ўсім свеце, але таксама і людзі няблізкія да Каталіцкага Касцёла, якіх такім чынам дасягае слова Папы і яго заклік да малітвы перад абліччам тэрміновых праблем чалавецтва», — сказаў кіраўнік малітоўнага апостальства. Святар паведаміў Ватыканскаму радыё, што відэа аб неабходнасці салідарнасці паглядзелі больш за 950 тыс. чалавек, і дадаў, што падчас сваіх падарожжаў па свеце чуе ад святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў, што гэтыя простыя ролікі дапамагаюць ім маліцца і быць бліжэй да праблем і місіі Касцёла. «Такім чынам Пантыфік дапамагае ім абудзіць сэрца да малітвы. Напрыклад, у чэрвеньскім відэа выступае бяздомны. Яго гісторыя дазваляе адкрыць вочы і стаць больш уважлівымі да праблем людзей, якіх мы сустракаем на вуліцы нашых гарадоў», — заўважыў айцец Фарнос. Разважанні Папы запісваюцца на іспанскай мове, а затым перакладаюцца на некалькі іншых. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |