Папа патэлефанаваў мэру Ніцы і прапанаваў дапамогу |
Святы Айцец
|
19.07.2016 23:40 |
Папа Францішак патэлефанаваў мэру Ніцы (Францыя) Крысціяну Эстразі. Пантыфік выказаў свой боль з прычыны тэрарыстычнага нападу, які «параніў» гэты горад, і спытаўся, ці можа нейкім чынам дапамагчы яго жыхарам. Папа таксама паведаміў, што ў любы момант гатовы сустрэцца ў Ватыкане з сем’ямі загінулых.
Пасля размовы мэр напісаў на «Twitter»: «Я ўзрушаны званком ад Папы, які патэлефанаваў, каб запэўніць у сваіх малітвах за жыхароў Ніцы і сем’і загінулых».
Падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец даверыў Богу ўсіх ахвяр гэтай, паводле яго слоў, разні. Таксама Пантыфік маліўся, каб добры Бог адхіліў любыя планы тэрору і смерці, каб ніхто не асмеліўся больш праліваць крыві брата.
Тэракт у Ніцы быў здзейснены ўвечары 14 ліпеня. Грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, пасля чаго кіроўца адкрыў агонь па прахожых. Ахвярамі злачынства сталі 84 чалавекі, яшчэ каля 200 атрымалі раненні. Сярод пацярпелых — не менш за 54 дзіцяці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|