Святы Айцец пра СДМ: «Гэтае падарожжа — вялікі падарунак ад Пана» |
Святы Айцец |
20.07.2016 12:40 |
«Ужо блізкія ХХХІ Сусветныя дні моладзі, якія клічуць мяне на сустрэчу з маладымі людзьмі з усяго свету, запрошанымі ў Кракаў, і даюць мне радасную магчымасць сустрэцца з дарагім польскім народам», — так распачаў сваё відэапасланне да ўдзельнікаў моладзевага форуму, які пройдзе 26-31 ліпеня ў гістарычнай сталіцы Польшчы, Папа Францішак. Пантыфік нагадаў пілігрымам, якія рыхтуюцца прыбыць у Кракаў, што «ўсё будзе праходзіць пад знакам міласэрнасці» і ўдзячнага ўшанавання памяці Яна Паўла II, які быў стваральнікам Сусветных дзён моладзі і «правадыром польскага народа на яго нядаўнім гістарычным шляху да свабоды». Папа Францішак падзякаваў маладым палякам за падрыхтоўку сустрэчы, асабліва малітоўную, за ўсё, што было зроблена, і за любоў, якая была ў гэта ўкладзена. Моладзі з Еўропы, Афрыкі, Амерыкі, Азіі і Акіяніі Святы Айцец пажадаў, каб падарожжа ў Кракаў стала для яе пілігрымкай веры і братэрства.
«Я вельмі хачу сустрэцца з вамі, каб даць свету новы знак гармоніі, мазаіку розных абліччаў, многіх рас, моў, народаў і культур, аб’яднаных у імя Езуса, які з’яўляецца Абліччам Міласэрнасці», — сказаў у відэапасланні Папа. Святы Айцец звярнуўся таксама да ўсяго польскага народа і прызнаўся, што сваё падарожжа лічыць «вялікім падарункам ад Пана», бо сустрэнецца з людзьмі, якія «спазналі шмат выпрабаванняў», але «пайшлі наперад з сілай веры», пры падтрымцы «мацярынскай рукі Панны Марыі». «Маральнае і духоўнае “здароўе” народа бачна па сям’і. Менавіта таму для св. Яна Паўла II былі настолькі важныя нарачоныя, маладыя сужэнствы і сем’і. Заставайцеся на гэтым шляху!» — сказаў у завяршэнне свайго відэавароту Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |