Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа выказаў спачуванні ў сувязі з актамі насілля ў Францыі і Японіі
Святы Айцец
26.07.2016 17:32

Даведаўшыся пра захоп закладнікаў у касцёле Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ, у выніку чаго загінуў святар, а некалькі чалавек былі сур’ёзна паранены, Папа Францішак запэўніў у сваёй духоўнай і малітоўнай блізкасці і ўдзеле ў болю сем’яў, мясцовай парафіі і дыяцэзіі Руана.

Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльнай тэлеграме за подпісам Дзяржаўнага Сакратара Папы кардынала П’етро Параліна. Пантыфік просіць міласэрнага Бога прыняць загінулага ксяндза Жака Амеля ў валадарства свайго святла і спакою.

У тэлеграме сказана, што Святы Айцец засмучаны гэтым актам насілля, які меў месца ў храме падчас літургіі, і просіць Бога аб прымірэнні і братэрстве ў свеце.

Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ 26 ліпеня раніцай. Яны перарэзалі горла мясцоваму пробашчу кс. Жаку Амелю. Манахіню спрабавалі забіць тым жа спосабам: яна знаходзіцца ў цяжкім стане. Раненні атрымалі яшчэ два чалавекі. У ходзе штурму абодва злачынцы былі нейтралізаваны.

Папа Францішак адрэагаваў на яшчэ адзін акт насілля, які меў месца ў Японіі ў доме для інвалідаў «Tsukui Yamayurien» у горадзе Сагаміхара. Як гаворыцца ў тэлеграме за подпісам Дзяржсакратара, Пантыфік засмучаны гэтай навіной, запэўнівае ўсіх пацярпелых у сваёй блізкасці і выказвае спачуванні сваякам загінулых і параненых.

У выніку атакі на дом інвалідаў 19 чалавек былі забіты і яшчэ не менш за 20 атрымалі сур’ёзныя нажавыя раненні. Забойцам аказаўся 26-гадовы мужчына, які раней працаваў там і які пракраўся ў будынак, дзе ўтрымліваліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі, у начны час.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.