Папа здзейсніў візіт у «Аўшвіц-Біркенаў» |
Святы Айцец
|
30.07.2016 16:10 |
29 ліпеня ў атмасферы маўклівай малітвы адбыўся візіт Папы Францішка ў былы канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц-Біркенаў».
Святы Айцец пешшу прайшоў пад яго сумна вядомай ва ўсім свеце ўваходнай брамай з надпісам «Arbeit macht frei» (Праца робіць свабодным). Далей Пантыфік перамяшчаўся па тэрыторыі лагера на электрамабілі. Спачатку Папа памаліўся на месцы, дзе нацысты здзяйснялі публічныя казні вязняў, і, падышоўшы да адной з шыбеніц, пацалаваў яе балку. Затым каля «сцяны смерці» – на месцы, дзе здзяйсняліся расстрэлы зняволеных, – Святы Айцец сустрэўся з дзесяццю выжыўшымі вязнямі лагера і коратка паразмаўляў з кожным з іх.
Пантыфік наведаў таксама месца мучаніцкай смерці св. Максімільяна Кольбэ, правёўшы некаторы час у прыватнай малітве ў цёмнай камеры з выдзертым на сцяне крыжам – знакам надзеі і перамогі любові над злом. Паводле гісторыкаў, 29 ліпеня 1941 г. гэты польскі францішканін прапанаваў нацыстам забраць яго жыццё замест асуджанага на смерць іншага вязня.
Святы Айцец пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і падарыў музейнаму комплексу «Аўшвіц-Біркенаў» бронзавую лампаду. «Пане, змілуйся над Тваім народам. Пане, прабач гэтую вялікую лютасць», — напісаў Папа. Затым Пантыфік прайшоў побач з крэматорыямі і газавымі камерамі, праехаў уздоўж чыгункі, па якой у лагер прывозілі вязняў, і сустрэўся з некаторымі «Праведнікамі народаў свету» – асобамі, якія ратавалі яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны.
Папа Францішак стаў трэцім Пантыфікам, які наведаў «Аўшвіц-Біркенаў». У 1979 г. там пабываў св. Ян Павел ІІ, а ў 2006 г. – Бэнэдыкт XVI.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|