На заканчэнне візіту ў Польшчу Папа Францішак падзякаваў арганізатарам і валанцёрам Сусветных дзён моладзі. У правядзенні форума дапамагалі каля 20 тыс. чалавек. З імі Пантыфік сустрэўся 31 ліпеня на тэрыторыі кракаўскага спартыўнага комплекса «Tauron Arena».
Сюды быў дастаўлены арыгінальны абраз Маці Божай з польскага санктуарыя ў Кальварыі Зэбжыдоўскай. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў прысутных вучыцца ад Панны Марыі слуханню, рашучасці і дзейнасці. Аб гэтым Папа напісаў у звароце, які перадаў валанцёрам.
«Падумаем, як часта мы становімся няўважлівымі перад Панам ці іншымі і не слухаем па-сапраўднаму», — адзначыў Пантыфік. Папа заклікаў ісці за Маці Божай ў імкненні зразумець значэнне жыццёвых фактаў і неспыненні на тым, што павярхоўнае. «Пан стаіць каля дзвярэй і стукае рознымі спосабамі, дае знакі на нашым шляху і кліча нас чытаць іх праз святло Евангелля», — напісаў Святы Айцец.
Папа заклікаў моладзь быць мужнай і з Божай дапамогай ісці супраць плыні. «Марыя ідзе да Альжбеты не для таго, каб пачуць, што Яна малайчына, але каб дапамагачы ёй, каб быць карыснай, каб служыць. У гэтым сваім выйсці з дома, выйсці па-за сябе з любові, Яна нясе самае каштоўнае, што мае: Езуса, Божага Сына, Пана», — заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што валантарыят з’яўляецца важным і нялёгкім служэннем, а валанцёр на Сусветных днях моладзі — гэта не проста «работнік», але евангелізатар, бо Касцёл існуе і дзейнічае, каб евангелізаваць.
Пасля сустрэчы з арганізатарамі кракаўскага форума Папа Францішак накіраваўся ў аэрапорт, адкуль вылецеў у Рым.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|