Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа адказаў на пытанні журналістаў у самалёце па дарозе з Кракава
Святы Айцец
01.08.2016 16:42

«Думаю, што несправядліва атаясамліваць іслам з насіллем і тэрарызмам. Несправядліва і няслушна», — сказаў Папа Францішак 31 ліпеня падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Кракава ў Рым.

Адзін з журналістаў спытаў Святога Айца аб забойствах, якія здзяйсняюцца ў імя ісламу. «Мне не падабаецца казаць пра ісламскае насілле. Я штодзённа гартаю газеты і бачу насілле. У Італіі хтосьці забівае нарачоную, іншы цёшчу... І гэта ахрышчаныя католікі, гэта гвалтоўныя католікі. Калі кажу пра ісламскае насілле, павінен казаць таксама і пра насілле каталіцкае. Але не ўсе мусульмане і не ўсе католікі гвалтоўныя. Гэта як у фруктовым міксе – такія ёсць у абедзвюх рэлігіях», — сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, пашырэнню тэрарызму спрыяе адсутнасць магчымасцяў у людзей. «Калі галоўнае месца ў цэнтры сусветнай эканомікі займае бажок грошай, а не чалавек – мужчына і жанчына, – гэта ўжо тэрарызм. Адрынуўшы цуд стварэння – чалавека – і паставіўшы на яго месца грошы, маем базавы тэрарызм, супраць усяго чалавецтва. Падумаем пра гэта», — заклікаў Святы Айцец.

Журналісты пацікавіліся, чаму Папа яшчэ не выказаўся пра сітуацыю ў Турцыі. Пантыфік спаслаўся на неабходнасць валодання поўнай інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў краіне, дадаўшы, што «справа яшчэ не ясная». Святы Айцец падкрэсліў, што яго маўчанне не звязана з жаданнем пазбегнуць наступстваў для каталіцкай меншасці ў гэтай краіне. «Сапраўды, заўсёды трэба пазбягаць праблем для католікаў – і мы гэта робім, – але не коштам праўды», — сказаў Папа і нагадаў, што ўжо выказваўся пра рэчы, якія не падабаліся Турцыі, напрыклад, пра генацыд армянскага насельніцтва.

Пантыфік закрануў і тэму ватыканскага пасярэдніцтва ў вырашэнні канфлікту ў Венесуэле. Папа прызнаўся, што ў яго няма ўпэўненасці ў жаданні бакоў канфлікту, каб прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы прымалі ўдзел у працы групы, якая пасярэднічае ў перамовах.

Каментуючы сваё падзенне падчас святой Імшы ў Чэнстахове, Пантыфік прызнаўся, што проста заглядзеўся на Маці Божую і забыўся пра прыступку. Папа патлумачыў, што падзенне не мела ніякіх наступстваў для яго здароўя і ён адчувае сябе цудоўна.

Самалёт польскай авіякампаніі «LOT» са Святым Айцом на борце зрабіў пасадку ў рымскім аэрапорце «Fiumicino» 31 ліпеня каля 21.30 па мясцовым часе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.