Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец заклікае маліцца за братэрства ў спорце
Святы Айцец
02.08.2016 18:35

На ватыканскім канале ў «YouTube» з’явіўся чарговы відэаролік, у якім Папа Францішак каментуе сваю агульную інтэнцыю на жнівень. У гэтым «алімпійскім» месяцы Пантыфік заклікае асаблівым чынам маліцца, каб «спорт быў магчымасцю для братэрскай сустрэчы паміж народамі і ўносіў свой уклад у справу міру ва ўсім свеце».

«Спорт дазваляе будаваць культуру сустрэчы сярод усіх для міру ва ўсім свеце. Я мару пра спорт як практыкаванне чалавечай годнасці, як ператварэнне ў сродак братэрства. Ці жадаем мы ажыццявіць гэты намер разам, каб спорт стаў магчымасцю для сяброўскіх сустрэч паміж людзьмі і мог спрыяць усталяванню міру ва ўсім свеце?» — запытаўся Папа ў кароткім каментары, які гучыць за кадрам.



Пантыфік часта спасылаецца на адукацыйныя каштоўнасці спорту, якія маюць таксама міжнароднае вымярэнне. У прамове 19 снежня 2014 г. да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Італіі Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл заўсёды выступаў у падтрымку ўніверсальнасці спорту, яго грамадскага, адукацыйнага і культурнага аспектаў.

Кожнае спартыўнае мерапрыемства, у першую чаргу Алімпіяда, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі розных краін з іх гісторыямі, культурамі, традыцыямі, верамі і каштоўнасцямі, можа стаць спосабам пераадолення канфліктаў, выкліканых парушэннем правоў чалавека, лічыць Папа Францішак. На думку Пантыфіка, алімпійскі дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней» заклікае не да перавагі аднаго народа над іншым, але да неабходнасці працаваць і ахвяраваць сабой дзеля дасягнення важных мэтаў.

Святы Айцец кожны месяц прапануе таксама сваю евангелізацыйную інтэнцыю. У жніўні Папа заклікае маліцца, «каб хрысціяне жылі ў адпаведнасці з Евангеллем, даючы сведчанне веры, сумленнасці і любові да бліжняга».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.