Папа пра сваю пілігрымку ў Асізі: простая, але вельмі важная ў Год Міласэрнасці |
Святы Айцец
|
03.08.2016 15:50 |
Простай па форме, але вельмі важнай назваў сваю пілігрымку ў Асізі Папа Францішак. Пантыфік адправіцца туды 4 жніўня з нагоды адпусту «Portiuncula».
«Заўтра я наведаю папскую базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі з нагоды 800-годдзя “Асізскага даравання”, якое адзначалася ўчора. Гэта будзе вельмі простая пілігрымка, але вельмі важная ў гэты Святы Год Міласэрнасці. Я прашу ўсіх суправаджаць мяне малітвай, просячы святла і сілы Святога Духа і нябеснага заступніцтва св. Францішка», — сказаў Пантыфік на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 3 жніўня.
Папа прыбудзе ў Асізі ў другой палове дня на верталёце і адразу скіруецца ў базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі, унутры якой знаходзіцца капліцай пад назвай «Portiuncula». Там Пантыфік застанецца на некаторы час на асабістай малітве, а затым падзеліцца з вернікамі сваім разважаннем пра дараванне крыўдаў братам. Святы Айцец наведае таксама францішканскую кляштарную інфермерыю, дзе знаходзяцца хворыя браты. Пасля гэтай кароткай сустрэчы Папа прывітае вернікаў, сабраных на плошчы перад базылікай, а затым вернецца ў Ватыкан.
Назва адпусту «Portiuncula» (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць святому Францішку. Калі святы маліўся там, яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, што ён хацеў бы атрымаць у дар. Францішак папрасіў ласку прабачэння пакарання за грахі, якія трэба выкупіць на зямлі або ў чысцы, для тых, хто пасля споведзі і святой Камуніі наведае гэтае месца.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|