Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да дамініканаў: Быць настаўнікамі, вернымі праўдзе, і адважнымі сведкамі Евангелля
Святы Айцец
04.08.2016 16:19

4 жніўня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў генеральнага капітула Ордэна дамініканаў.

Звяртаючыся да сабраных з прамовай на іспанскай мове, Святы Айцец нагадаў, што ў другой палове дня наведае Асізі — духоўны цэнтр Ордэна францішканаў. «Сёння мы можам апісаць гэты дзень, як “езуіт сярод братоў”», — сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра асноўную місію дамініканаў — прапаведванне Божага слова — Папа Францішак заклікаў іх прытрымлівацца навучання свайго заснавальніка: «Сузіраць, а потым вучыць». Па словах Пантыфіка, без моцнай асабістай еднасці з Богам «прапаведванне можа быць вельмі дасканалым і матываваным, і нават цудоўным, але не будзе кранаць сэрца, якое павінна змяняцца». Папа заклікаў манахаў разам з вывучэннем складаных тэалагічных пытанняў заўсёды слухаць людзей.

Святы Айцец звярнуў увагу, што для плённай перадачы Божага слова неабходна быць «настаўнікамі, вернымі праўдзе, і адважнымі сведкамі Евангелля». Сведка, як падкрэсліў Папа, з’яўляецца ўцелаўленнем навучання, не пакідае абыякавым нікога, дадае да праўды радасць Евангелля, якая паходзіць ад упэўненасці ў Божай любові і ў тым, што мы з’яўляемся аб’ектам Яго бясконцай міласэрнасці.

Святы Айцец нагадаў дамініканам пра існаванне мноства пакутуючых і прагнучых Бога людзей, чыё прагненне «праўдзівага і вызваляючага слова, братэрскага жэсту і спагады» павінна «ажыўляць жыццё структур і душпастырскія праграмы» і ўлічвацца пры разглядзе пытанняў па арганізацыйнай структуры ордэна. Папа заклікаў сведчыць аб любові Хрыста і не паддавацца небяспечнай і вельмі актуальнай сёння спакусе гнастыцызму.

Генеральны капітул Ордэна дамініканаў праходзіць з 15 ліпеня па 5 жніўня ў Балоньі (Італія) у кантэксце 800-годдзя зацвяржэння манаскай супольнасці Папам Ганорыем ІІІ.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.