Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Асізі: «Свет мае патрэбу ў прабачэнні»
Святы Айцец
04.08.2016 19:01

Сведчыць аб міласэрнасці перад сучасным светам — заданне, ад якога ніхто не можа ўхіліцца, адзначыў Папа Францішак 4 жніўня падчас візіту ў Асізі.

Пантыфік прыбыў у горад святога Францішка на верталёце з Ватыкана. Святы Айцец наведаў мясцовую базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі, унутры якой знаходзіцца старажытная капліца пад назвай «Portiuncula». Тут Папа правёў некаторы час на прыватнай малітве, пасля якой прапанаваў вернікам сваё разважанне на тэму прабачэння, паколькі візіт быў прымеркаваны да 800-годдзя ўстанаўлення адпусту, вядомага пад назвай «Асізскае дараванне».

Па словах Святога Айца, прабачэнне — гэта шлях, які вядзе да Неба, а прабачаць неабходна, «таму што мы былі прабачаны першымі і бясконца шмат». Пантыфік заклікаў памятаць, што Бог не стамляецца дараваць правіны кожны раз, калі Яго аб гэтым просяць. Божае прабачэнне з’яўляецца поўным і дае ўпэўненасць, «што нават калі зноў трапім у тыя ж грахі, Ён змілуецца над намі і не перастане любіць», адзначыў Папа.

Пантыфік заўважыў, што часта людзі жадаюць міласэрнага стаўлення да сябе і, у той жа час, патрабуюць судзіць іншых паводле справядлівасці. Спыняцца на справядлівасці не дастаткова для вучняў Хрыста, якія атрымалі міласэрнасць ля падножжа Крыжа толькі дзякуючы сіле любові Божага Сына, лічыць Папа.

«Свет мае патрэбу ў прабачэнні; шмат людзей жывуць, закрыўшыся ў крыўдзе і затоенай нянавісці, бо не здольныя прабачыць, нішчаць уласнае жыццё і жыццё іншых замест таго, каб знайсці радасць спакою і міру», — сказаў Пантыфік.

Пасля разважання Святы Айцец прывітаў біскупаў і настаяцеляў Ордэна францішканаў, прысутных у базыліцы, а затым адправіўся ў інфермерыю, дзе наведаў хворых братоў і паразмаўляў з персаналам медыцынскай установы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.