Падчас візіту ў Асізі 4 жніўня Папа Францішак спантанна ўнёс некалькі дадатковых пунктаў у яго афіцыйную праграму.
У прыватнасці, Пантыфік сеў у канфесіянал базылікі Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі і паспавядаў 19 чалавек, якія стаялі ў чарзе. Сярод іх былі дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны, свецкія вернікі і кансэкраваныя асобы, у тым ліку жанчына ў інваліднай калясцы і чатыры скаўты з Сіцыліі. У агульнай складанасці Святы Айцец правёў ў канфесіянале каля гадзіны.
Таксама ў храме адбылася спантанная размова Папы з імамам Перуджы (Італія) Абдэль Кадэрам. З боку прадстаўніка іслама гэта быў візіт ветлівасці, размова была кароткай, яе змест не быў раскрыты. Абдэль Кадэр кіруе сваёй супольнасцю 12 гадоў. 31 ліпеня як лідар мусульманскай супольнасці сталіцы Умбрыі — рэгіёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца Асізі, — ён прыняў удзел у святой Імшы ў інтэнцыі кс. Жака Амеля, забітага джыхадзістамі ў Францыі.
Спантаннымі былі і словы Папы Францішка, скіраваныя да вернікаў, сабраных на плошчы перад базылікай Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі. Святы Айцец выйшаў да іх пасля малітвы ў капліцы «Portiuncula» і наведвання кляштарнай інфермерыі.
«Вялікі вам дзякуй за ваш прыём! Я прашу, каб Пан вас благаславіў. Дзякую вам за гэтае жаданне быць разам. І таксама не забывайцеся: заўсёды даруйце. Заўсёды! Даруйце ад сэрца, і, калі гэта магчыма, аднаўляйце блізкія адносіны адзін да аднаго, і прабачайце. Таму што, калі мы даруем, таксама і Пан даруе нам, а ўсе мы маем патрэбу ў прабачэнні. Можа, хтосьці з сабраных тут не мае такой патрэбы? Усе, ці не так?» — звярнуўся Папа да вернікаў і папрасіў іх маліцца за яго.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|