Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду пра візіт Папы ў Асізі: Слова «прабачэнне» — сусветнае пасланне
Святы Айцец
05.08.2016 17:50

Увесь візіт быў сканцэнтраваны вакол міласэрнасці і прабачэння; ён быў кароткім, але вельмі моцным — так ахарактарызаваў падарожжа Папы Францішка ў Асізі 4 жніўня кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду Грэг Бёрк.

Кіраўнік ватыканскай Прэс-службы лічыць сімвалічным той факт, што, сядаючы ў канфесіянал, Пантыфік запрасіў зрабіць тое ж і іерархаў і святароў, сабраных у асізскай базыліцы. «Так шмат людзей дакрануліся да Божай міласэрнасці ў гэты дзень», — адзначыў Грэг Бёрк.

Знакавай назваў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду і спантанную сустрэчу Святога Айца з імамам. Папу ўразіла, што сярод біскупаў і францішканаў знаходзіцца прадстаўнік ісламу, і ён не мог не падыйсці да яго. Размова, якая была вельмі сардэчнай, працягвалася некалькіх хвілін.

Слова «прабачэнне», якое гучала з вуснаў Пантыфіка падчас візіту шмат разоў, Грэк Бёрк назваў «сусветным пасланнем», у якім сёння маюць патрэбу людзі на ўсёй планеце. Кіраўнік Прэс-службы дадаў, што прабачэнне «мае глабальнае значэнне», яно цяжка даецца кожнаму, але яму трэба вучыцца, і першым аргументам тут з’яўляецца тое, што мы былі прабачаны Богам.

Папа знаходзіўся ў Асізі ўсяго каля чатырох гадзін. Візіт быў сканцэнтраваны практычна на «Portiuncula» — невялікай капліцы, дзе восем стагоддзяў таму нарадзіўся і адкуль выйшаў францішканскі рух. Акрамя таго, Святы Айцец падзяліўся сваім разважаннем пра дараванне крыўдаў братам, наведаў францішканскую кляштарную інфермерыю, дзе знаходзяцца хворыя браты, сустрэўся з вернікамі, сабранымі на плошчы перад базылікай Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.