Папа прывітаў членаў Алімпійскай зборнай бежанцаў |
Святы Айцец
|
06.08.2016 19:49 |
Святы Айцец скіраваў спецыяльнае пасланне да членаў Алімпійскай зборнай бежанцаў, у якім пайменна прывітаў кожнага са спартсменаў, жадаючы ім поспехаў у спаборніцтвах. Ліст Пантыфіка быў апублікаваны 5 жніўня, перад адкрыццём Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.
«Няхай адвага і сіла, якія вы несяце ў сабе, змогуць выразіць праз Алімпійскія гульні вокліч братэрства і міру. Няхай – дзякуючы ўсім вам – чалавецтва асэнсуе, што мір магчымы, што з мірам можна здабыць усё, а з вайной – усё згубіць», — напісаў Папа.
Святы Айцец пажадаў, каб сведчанне членаў Алімпійскай зборнай бежанцаў пайшло на карысць усім. «Малюся за вас і прашу вас, калі ласка, маліцеся за мяне», — так завяршыў свой зварот Папа.
Алімпійская зборная бежанцаў складаецца з дзесяці чалавек: плаўцоў з Сірыі, бегуноў з Паўднёвага Судана і Эфіопіі і дзюдаістаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Каб патрапіць у гэтую каманду, спартсмены павінны былі мець высокія спартыўныя вынікі, а таксама статус бежанца, пацверджаны ААН. На спаборніцтвах у Рыа-дэ-Жанейра яны будуць выступаць пад алімпійскім сцягам. Гэта першая зборная бежанцаў у гісторыі Алімпійскіх гульняў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|